Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскія завадчане паскардзіліся Лукашэнку на палітычную дыскрымінацыю з боку кіраўніцтва


фота: bobruisk.ru
фота: bobruisk.ru

Працаўнікі Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў паскардзіліся Аляксандру Лукашэнку на перасьлед з боку адміністрацыі прадпрыемства. У адкрытым лісьце кіраўніку дзяржавы яны даводзяць, што рэпрэсіі супраць абумоўленыя тым, што яны сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага. У парушэньні сваіх канстытуцыйных правоў скаржнікі вінавацяць дырэктара завода — Аляксандра Аграновіча.

«Дырэктар прадпрыемства, — пішуць у скарзе працаўнікі заводу, — усім без выключэньня сябрам прафсаюзу абвясьціў вайну. І давёў кантрактную форму да абсурду».

«Інакш як патлумачыць, што з высокакваліфікаванымі працаўнікамі ён не падаўжае кантракты толькі за сяброўства ў прафсаюзе, на шкоду вытворчасьці і якасьці выпусканай прадукцыі. Звальняючы найлепшых спэцыялістаў, дырэктар заводу Аграновіч падрывае эканамічны стан ня толькі завода. Але і дзяржавы ў цэлым», — даводзяць Аляксандру Лукашэнку ў сваёй скарзе сябры незалежнага прафсаюзу.

Адзін з падпісантаў скаргі Мікалай Жыбуль адпрацаваў на заводзе амаль трыццаць гадоў. Адміністрацыя прадпрыемства яму ўжо паведаміла, што зь ім працоўны кантракт падаўжацца ня будзе.

«Мы напісалі ліст прэзыдэнту, каб зьвярнуць ягоную ўвагу на сытуацыю, якая складваецца на прадпрыемстве, — тлумачыць неабходнасьць звароту да кіраўніка дзяржавы Мікалай Жыбуль. — Спадзявацца на мясцовую ўладу, якая зможа паўплываць на дырэктара прадпрыемства нам не выпадае. Да мяне не было заўвагаў па працы, і мяне выкідаюць з роднага мне завода за тое, што я ў Свабодным прафсаюзе. Хіба гэта справядліва. У нас жа сацыяльная дзяржава — хто можа абараніць ад беззаконьня простага працоўнага».

Адзначаюць прафсаюзьнікі ў лісьце прэзыдэнту, што Аляксандар Аграновіч — дэпутат Магілёўскага абласнога савету. «Стаўшы ім, — пішуць у скарзе суполкаўцы, — ён забыў пра закон і пераблытаў яго з усёдазволенасьцю. Не выконвае нават рашэньні суду і напляваў на прэзыдэнцкі ўказ «аб разьвіцьці сацыяльнага партнэрства ў Рэспубліцы Беларусь».

У скарзе згадваюцца імёны дзевяцёх звольненых працаўнікоў заводу, як лічаць яе падпісанты, празь іхнае сяброўства ў Свабодным прафсаюзе Беларускім. Фармальная прычына звальненьня — сканчэньне тэрміну дзеяньня працоўнага кантракту.

«Аляксандар Рыгоравіч! Мы зьвяртаемся да Вас як да гаранта канстытуцыі. Дапамажыце нам аднавіць сваё права на працу, пра якое Вы ў свой час гаварылі — як аб фундамэнтальным праве беларусаў», — пішуць у скарзе сябры свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Сёлета ў сакавіку сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага праводзілі трохдзённую галадоўку пратэсту. У ёй ўдзельнічалі дванаццаць працаўнікоў заводу. Яны патрабавалі ад адміністрацыі спыніць перасьлед працаўнікоў за прыналежнасьць да Свабоднага прафсаюзу, пачаць перамовы з суполкай у справе выпрацоўкі і заключэньня працоўнай дамовы, а таксама скасаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы. Сярод патрабаваньняў значыцца і выкананьне пастановы суду аб допуску старшыні суполкі Міхаіла Кавалькова на тэрыторыю прадпрыемства. Таксама галадоўнікі патрабавалі выдзеліць пад сядзібу суполкі памяшканьне на тэрыторыі заводу.

Рэакцыі з боку адміністрацыі на акцыю пратэсту не было. Заяўлялася, што галадоўкі наагул не праводзілася. Неўзабаве пасьля таго, як яе скончылі, пачалі звальняць яе ўдзельнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG