У Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў Шаран Бароў. Кіраўніца буйной міжнароднай прафсаюзнай арганізацыі сустракаецца зь лідэрамі незалежнага прафсаюзнага руху, а таксама прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў Беларусі.
Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў аб’ядноўвае прафсаюзныя арганізацыі ў 161 краіне сьвету і налічвае ў сваіх шэрагах 176 мільёнаў чалавек. Візыт яе кіраўніцы — выключная падзея для кожнай краіны, якая ўваходзіць у Канфэдэрацыю. Прыезд у Беларусь зьвязаны з парушэньнямі правоў працоўных, паведаміла Шаран Бароў:
«Я добра валодаю інфармацыяй пра становішча працоўных і прафсаюзаў у Беларусі і шматлікія парушэньні іхніх правоў. І я была шакаваная, калі прачытала паведамленьне пра сучаснае рабства — рабскую працу, якая практыкуецца і ў нашы дні. А сёньня я б хацела выслухаць вас, хто перажывае гэтыя цяжкасьці. Гэтыя факты мы зможам затым выкарыстоўваць, каб сьведчыць пра парушэньні правоў працоўных і прафсаюзаў у Беларусі».
Я была шакаваная, калі прачытала паведамленьне пра сучаснае рабства — рабскую працу, якая практыкуецца і ў нашы дні.
Перадусім Шаран Бароў спаткалася з прадстаўнікамі незалежных прафсаюзаў з розных гарадоў і рэгіёнаў Беларусі. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Чэхіі, Польшчы, прадстаўніцтва Эўразьвязу. Прэзыдэнт Канфэдэрацыі працы Расеі Барыс Краўчанка пра становішча беларускіх калегаў сказаў наступнае:
«Беларусь — гэта ня толькі найгоршы прыклад ціску на незалежныя прафсаюзы з мэтай перашкодзіць іх дзейнасьці, яна ня толькі паказвае найгоршыя прыклады ціску на прафсаюзных актывістаў, але апошнімі гадамі аднаўляе практыку, якой мы даўно ня ведалі на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. Маю на ўвазе спробу ўвесьці прымусовую працу ў дрэваапрацоўчай галіне».
Прадстаўнікі незалежных прафсаюзных суполак з Бабруйску, Магілёва, Салігорску і многіх іншых гарадоў Беларусі сьведчылі пра шматлікія факты ціску на незалежныя прафсаюзы і іх чальцоў, пра звальненьні, перашкоды ў магчымасьці рэгістрацыі новых суполак. Адзін з такіх прыкладаў прывёў лідэр Свабоднага прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў:
«Са мной ёсьць два чалавекі — Аляксандар Варанкін і Аляксандар Грамыка, спэцыялісты найвышэйшай катэгорыі. І зь імі разрываюць працоўны кантракт толькі таму, што яны чальцы незалежнага прафсаюзу».
Паводле Шаран Бароў, усе факты ціску і перасьледу чальцоў незалежных прафсаюзных арганізацыяў яна мае абмеркаваць з прадстаўнікамі ўладаў Беларусі, каб выправіць становішча. Наколькі эфэктыўнымі могуць быць гэтыя намаганьні, гаворыць старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:
«Канечне ж, мы рэальна глядзім на сытуацыю і ня думаем, што ў выніку гэтага візыту адразу ж спыняцца рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў і іх чальцоў. Але паколькі мы мусім існаваць ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму, то наша задача — стварыць бесьперапынны ціск на ўлады і выкарыстаць магутны рэсурс салідарнасьці і падтрымкі міжнароднай прафсаюзнай супольнасьці».
У Генэральнага сакратара Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў Шаран Бароў заплянаваныя таксама сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў і Міністэрстве працы.