Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадзілі ў Польшчу пехатой, а цяпер езьдзяць на роварах


Спадар Пётра сказаў, што з Польшчы ровар едзе хутчэй, чым у Польшчу, і хуценька пакруціў пэдалі
Спадар Пётра сказаў, што з Польшчы ровар едзе хутчэй, чым у Польшчу, і хуценька пакруціў пэдалі

Пасьля таго як з 1 кастрычніка закрылі пешы памежны пераход на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй, гарадзенцы і жыхары памежнай зоны пераселі на ровары. Праўда, гэтая зьява пакуль ня стала масавай.

На памежным пераходзе ў Брузгах, што за 18 кілямэтраў ад Горадні, сёньня цішыня, можна свабодна прыпаркавацца на аўтастаянцы, месцаў колькі хочаш — ня так, як было да 1 кастрычніка. Дый чаргі таксама няма. Аўтамабілі праяжджаюць адразу да самага шлягбаўма, толькі некаторыя прыпыняюцца, каб набыць страхоўку.

Некалькі жанчын увесь час просяцца, каб іх нехта перавёз на польскі бок, але кіроўцы адмаўляюцца. Адна жанчына мне кажа, што, на жаль, з Горадні ім далёка ехаць на ровары і яны мусяць вось так прасіцца.

Жанчыны з жалем уздыхаюць і ўзгадваюць, як было добра, калі мяжу можна было пераходзіць пешшу. Цяпер езьдзіць стала нашмат цяжэй, бо кошт білета што на цягніку, што на аўтобусе ў два бакі сягае больш за сто тысяч, а гэта ўжо выдаткі. Я зразумеў, што загаварыў пра балючае.

Першая спадарыня: «Так, мы маглі самі дайсьці, а цяпер ізноў некаму плаці, каб заехаць туды, а дарога для нас дарагая. І гэта робяць для нас нашы беларускія ўлады. Яны, мусіць, баяцца, каб мы мільярдэрамі ня сталі...»

Іншая спадарыня: «Яны думаюць, што мы ад гэтага багацеем. А мы толькі ходзім ды набіраем харчоў у пакет, бо тут усё таньнейшае...»

Спадарыняў больш за гадзіну ніхто не бярэ, праўда пазьней ім пашчасьціла. А вось раварыстаў увесь гэты час таксама не відаць на мяжы. Мне кажуць, што сёньня будзённы дзень, мала езьдзяць. Але зь мяжы бачу: паціху круціць пэдалі сталы мужчына.

Прыпыніўся, пазнаёміліся. Спадар Пётра зь вёскі Падліпкі, ужо нідзе не працуе, жыве на пэнсію, і ровар у яго стараваты. Распавядае мне, што раней хадзіў у Польшчу пешкі і так было зручней, а вось з 1 кастрычніка перасеў на ровар. Цікаўлюся — як часта езьдзіць у Кузьніцу?

Спадар: «Ну, раз на тры дні, гледзячы калі сканчаюцца харчы дома, бо я толькі па харчы ў краму ежджу».

Карэспандэнт: «І вы толькі ў гэтую сумачку набіраеце? Тут ня шмат. Што вы там купляеце?»

Спадар: «Звычайна памідоры, сёньня яшчэ бананы купіў, дыню купіў. Тут, вядома, усё таньнейшае. Але галоўнае, што ў Польшчу мне бліжэй у краму, чым у Горадню. Да Кузьніцы ўсяго 5 кілямэтраў, а да Горадні — 16».

Карэспандэнт: «І колькі часу вы траціце на тое, каб зьезьдзіць у краму?»

Спадар: «Ну вось выехаў я а 10-й, а цяпер ужо 12. Я зайшоў толькі ў краму, набыў харчы — ды назад».

Карэспандэнт: «А шмат вашых аднавяскоўцаў так вось на ровары езьдзяць у Польшчу па харчы?».

Спадар: «У каго ёсьць візы — усе езьдзяць...»

Яшчэ праз гадзіну зь мяжы на роварах едуць два маладзёны. Павал пагадзіўся пагутарыць, а ягоны сябра наадрэз адмовіўся. Павал распавядае, што раварыстаў насамрэч пакуль ня вельмі шмат, бо з Горадні сюды трэба неяк дабірацца. Ён, да прыкладу, паклаў ровар у багажнік аўта, прыехаў на стаянку, дастаў яго і паехаў у Польшчу.

Праўда, Павал кажа, што такім чынам можна зьезьдзіць толькі па харчы, бо калі купляць рэчы, то на ровары шмат не прывязеш і ўжо нават у Саколку ці тым больш у Беласток не паедзеш — задалёка. Праўда, зручна тое, што на ровары ня трэба купляць страхоўку, а гэта на дзьве паездкі — 40 даляраў.

На ровары трэба станавіцца ў агульную чаргу — гэтага патрабуюць як беларускія, так і польскія памежнікі

Праехаць мяжу, паводле яго, праблемы няма. Праўда, дрэнна, калі шмат аўта, бо на ровары трэба станавіцца ў агульную чаргу — гэтага патрабуюць як беларускія, так і польскія памежнікі. Але на ровары ты можаш зьезьдзіць на дзень столькі разоў, колькі здолееш, а на аўта — толькі раз на 8 дзён.

Цікаўлюся — ці ёсьць нейкія тэхнічныя патрабаваньні да ровара з боку памежнікаў?

Спадар: «Ровар павінен быць абсталяваны: мець сыгнал (гучыць сыгнал), сьвятло і сьпераду, і з тылу, і павінна быць камізэлька адмысловая з флікерамі. Як мінімум павінны быць катафоты. Ну, і больш нейкіх жорсткіх патрабаваньняў няма. У чарзе стаіш разам з усімі туды і назад».

Павал дадае, што тэхпашпарт на ровар не патрабуюць ні польскія, ні беларускія памежнікі. Так што ровар можна альбо пазычыць у знаёмых, альбо ўзяць напракат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG