Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаўнакі на мяжы: «Раней насілі рэчы на продаж, цяпер — толькі харчы для сябе»


На памежным пераходзе «Брузгі — Кузьніца Беластоцкая» апошнім часам значна паменела людзей, якія перасякаюць мяжу пешкі. Беларусь яшчэ ў жніўні чарговым разам зьмяніла мытныя правілы для грамадзян Мытнага саюзу, якія перасякаюць мяжу з Эўразьвязам. Навацыі закранулі перш за ўсё тых, хто часта перасякае мяжу.

Для рэгіёнаў Беларусі, сумежных з краінамі Эўразьвязу, дзе даволі значная частка людзей папаўняла свой сямейны бюджэт дзякуючы камэрцыйным паездкам, а зь нядаўняй пары — і пераходаў мяжы пешшу альбо на ровары, надышлі новыя часы.

Да прыкладу, раней кожны мог проста схадзіць нават пасьля працы ў суседнюю Польшчу, каб набыць там у краме таньнейшых харчоў. Малазабясьпечаныя грамадзяне і асабліва пэнсіянэры штодня імкнуліся туды, каб, пранёсшы тавар празь мяжу, атрымаць за паездку няхай 10 ці 20 даляраў, што адчувальна дапаўняла невялікія заробкі і пэнсіі.

Цяпер, калі перасякаеш мяжу, да прыкладу, раз на 7 дзён, бязмытна можна прывезьці ў Беларусь ня болей за 5 кг харчоў, у тым ліку сама больш 1 літар алькаголю. І да таго ж ня болей за тры найменьні тавараў, прычым толькі па адзінцы кожнага.

Уся бытавая тэхніка заносіцца ў дэклярацыю, і, скажам, газонакасілку альбо пыласос, якія раней не дэкляраваліся, цяпер абавязкова трэба ўпісваць у дэклярацыю, а правезьці іх бяз мыта можна толькі раз на год.

Калі ўезд у Беларусь адбываецца паўторна на працягу сутак, то ўсе тавары і харчы, акрамя неабходных на час руху, будуць абкладацца мытам.

Сёньня побач з памежным пераходам у Брузгах я прастаяў больш за паўгадзіны, чакаючы, калі зьявяцца першыя чаўнакі з Польшчы, хоць раней яны ішлі адтуль адзін за адным.

Вось першы спадар зь невялікім заплечнікам. Ён распавядае, што ў сувязі з новымі мытнымі правіламі значна меней людзей, асабліва ў апошні тыдзень, перасякае мяжу — ня толькі пешшу, але і на аўта.

Спадар: «Цяпер людзі толькі па харчы ходзяць, а тавар ужо баяцца насіць, бо на мытні аглядаюць усе рэчы, нават вяртаюць людзей назад. Прычым было так, што ледзьве ня кожнага другога вярталі. Калі раней тыя самыя настаўнікі і пэнсіянэры пасьля працы беглі ў Кузьніцу, каб прынесьці якіх пяць кашулек альбо трое джынсаў і зарабіць тыя 10 даляраў, то ўжо цяпер яны не ідуць, бо баяцца. А што, зловяць і з працы скінуць. Вось таму цяпер людзі ідуць толькі па харчы».

Вось яшчэ прыйшлі два чалавекі. Мужчына скардзіцца, што мытнікі паводзяць сябе часам даволі жорстка.

Спадар: «Чапляюцца да нас зашмат. Зьбіраюць цэлы натоўп на мытні і зьдзекуюцца. У палякаў праходзіш без праблемаў, а ў нас могуць назад адправіць. Раней такога не было. Яны сварацца на нас, што мы ходзім, а ім нязручна перабягаць з таго месца, дзе яны машыны аглядаюць, да нас, бо гэта, маўляў, для іх лішняя праца. У нас для пешых няма асобнага пераходу, як у палякаў. У тых сапраўдная Эўропа: ідзеш па асобнай абгароджанай дарожцы, плітачка, сядзіць памежнік, потым мытнік. Праверылі, і ідзі сабе».

Іншы спадар кажа, што ходзіць у Кузьніцу нячаста, але імкнецца рабіць закупы для сям’і ў Польшчы, бо тут усё значна таньнейшае.

Спадар: «Харчы тут купляю таньнейшыя. Ды там усё таньнейшае, акрамя камуналкі, паліва і цыгарэтаў. Харчы таньнейшыя, адзеньне, бытавая тэхніка...»

Карэспандэнт: «А вы працу ў Горадні маеце?»

Спадар: «Не, ня маю. Я звольніўся з „Жылбуда“, бо тут меў болей, чым там. І навошта мне па зьменах хадзіць, начальніка слухаць, калі я тут хадзіў у любы час, калі сам хацеў?»

Яшчэ адзін спадар кажа: многія людзі ўжо зразумелі, што страцілі свой дадатковы заробак, але ніхто нічога зьмяніць ня можа.

Спадар: «Тым, хто хадзіў кожны дзень і меў прыработак, тым стала значна цяжэй. Ну вось я сёньня пайшоў, і чаргі ніякае на мяжы не было. Раней даводзілася на польскім баку стаяць і чакаць, а цяпер свабодна».

Зь мяжы ідуць дзьве бабулі-пэнсіянэркі. Кажуць, што сталі хадзіць толькі раз на тыдзень. Скардзяцца, што страцілі даробак, бо пэнсіі невялікія і пражыць на іх даволі складана. І вось распавядаюць пра сваё гаротнае жыцьцё.

Першая спадарыня: «Цяжка стала, зусім цяжка. Нам хацелася б рубель зарабіць, але ж — няма. Я цяпер раз на 12–15 дзён хаджу, то што тут прынясеш? Вунь дзецям то ёгурт, то тое, то тое возьмеш. А часьцей ня хочам, каб з нас вось так яшчэ зьдзекаваліся. І так усё на нэрвах. Ідзеш па дарозе і молісься, нават за таго мытніка молісься, каб ім бог даў здароўя, каб мне на дарозе добры трапіўся. Ну а што рабіць, калі хату крыць трэба, ваду рамантаваць трэба — а я адна жыву? І трэба, каб запас быў, бо сёньня купіць кацёл — то тысяча даляраў».

Іншая спадарыня: «У мяне чатырох унукаў, і кожны ў школу пайшоў, а адна дзяўчына ў інстытуце вучыцца. За яе трэба заплаціць 18 мільёнаў, а дзе іх узяць... Цяжка, і вельмі цяжка, асабліва калі адзін жывеш на гэтую пэнсію ў два мільёны. Яшчэ калі ўдваіх і дзьве пэнсіі, то лягчэй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG