Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі б не было Любімава...


8 кастрычніка 2014 году. Масква. Арбат. Тэатр Вахтангава. Разьвітаньне з рэжысэрам Юрыем Любімавым. Апошнім вялікім савецкім і расейскім рэжысэрам ХХ стагодзьдзя. Разьвітаньне з тэатральнай эпохай. Разьвітаньне з самай яркай старонкай гісторыі тэатру, якую давялося пражыць у тым ліку і майму пакаленьню людзей тэатру.

Гляджу відэатрансьляцыю паніхіды: знаёмыя і незнаёмыя твары, банальныя і шчырыя словы. Усё, як пры ягоным жыцьці. Усплываюць успаміны пра ягоныя спэктаклі, пра ацэнкі спэктакляў. Мне, якому пашчасьціла пабачыць болей за паўтары дзясяткі найлепшых спэктакляў Майстра, падумалася: калі б не было гэтай асобы, і тэатар, і ўсе мы былі б іншымі...

Калі б не было Любімава, і беларускі тэатар быў бы іншым.

Не было б перадусім такога, якім ён быў, Валерыя Раеўскага — нашага найбуйнейшага рэжысэра мінулага стагодзьдзя. І, адпаведна, не было б і таго Тэатру імя Янкі Купалы, якім ён стаў пры Раеўскім.

Любімаў-рэжысэр сваёй Таганкай у 1960-я гады ўзарваў захрасласьць савецкага тэатру ў твані гэтак званага сацыялістычнага рэалізму і паклікаў да новых формаў сваіх калегаў ня толькі Масквы, але і ўсяго таго велічэзнага СССР. І ня проста да формаў, а да тых формаў, у якіх можна было б сказаць праўду пра час і рэаліі, у якіх жыве і ад якіх пакутуе чалавек, натуральна, чалавек разумны. Сумленьне, гарамадзянскасьць Майстра і ягоных актораў-аднадумцаў, бясстрашна выяўленыя ў спэктаклях, абудзілі сорам у дзясяткаў, сотняў творцаў за рабалепства перад камуністычнымі гаспадарамі жыцьця, і яны, хто як мог і хто як умеў, сталі рабіць крокі да свабоды думкі і свабоды рэалізацыі яе ў вобразах, мэтафарах, алегорыях, якія ў той час мы называлі ў добрым сэнсе «кукішамі ў кішэні». Па ўсім савецкім тэатральным лягеры пракацілася любімаўска-таганкаўская хваля. Таму паспрыяла, пра што і ня думалі яе аўтары, сыстэма падрыхтоўкі ў СССР рэжысэрскіх кадраў. Рэжысэры з усяе вялікай краіны давучваліся ўнікальнай прафэсіі ў Маскве і Ленінградзе на стажыроўках і практыках у буйных майстроў. Лёсавызначальнай для Тэатру імя Янкі Купалы і беларускага тэатру ўвогуле стала вучоба ў Юрыя Любімава на Таганцы маладога рэжысэра Валерыя Раеўскага. Таленавіты малады чалавек, гадаванец Беларускага тэатральна-мастацкага інстытыту вярнуўся ад Любімава бунтаром. Пастаноўка Раеўскім у 1969 годзе п’есы Брэхта «Што той салдат, што гэты» зрабіла рэвалюцыю на беларускай сцэне. Зь яе пачалася эпоха прыкладна ў чвэрць стагодзьдзя, якую можна назваць эпохай тэатру формы, мэтафары, публіцыстычнасьці, сьмелага ўварваньня ў думкі і роздумы людзей.

Раеўскаму, як і Любімаву, натуральна, у меншым маштабе, таксама даставалася ад камуністычных ідэолягаў і іх цэрбэраў. І тут сыпаліся абвінавачваньні ў фармалізьме, у скажэньні клясыкі, у кукішах у кішэні, у ачарненьні савецкай рэчаіснасьці. І тут забараняліся і перарабляліся спэктаклі.

Любімаў навучыў і Раеўскага, і сотні іншых людзей тэатру СССР, наўпрост ці ўскосна, не маўчаць. Тэатральныя мэтафары, алегарычныя мізансцэны гучалі грамчэй, чым праклямацыі на мітынгах. Зрэшты, мітынгі былі за жорсткім камуністычным рэжымам немагчымымі. Таму людзі беглі, ламіліся ў той тэатар, які адкрыў ім Любімаў, і ў якім ён расплюшчваў ім вочы. Героі клясыкаў Шэксьпіра, Дастаеўскага, Гогаля, Чэхава, Брэхта, Булгакава загаварылі той мовай, якой толькі і мог гаварыць у стане адчаю савецкі інтэлігент брэжнеўска-чарненска-андропаўскай пары.

На сцэну Таганкі Любімаў прывёў самую вострую і гуманістычную сучасную літаратуру. Побач з героямі расейскіх аўтараў Юрыя Трыфанава, Фёдара Абрамава, Барыса Васільева, Андрэя Вазьнясенскага знайшлося месца і героям нашага Васіля Быкава. Паводле аповесьцяў «Сотнікаў» і «Круглянскі мост» у 1977 годзе Любімаў паставіў спэктакль «Скрыжаваньне».

У савецкія часы практыка вялікіх гастроляў, калі тэатры ў абавязковым парадку ехалі ў іншы горад аж на месяц, таксама спрыяла пашырэньню новых ідэяў і «ідэалягічнай заразы». Незабыўнымі для Менску сталі гастролі Таганкі ўлетку 1979 году. Менск быў агаломшаны, калі на свае вочы пабачыў «Гамлета», «Майстра і Маргарыту», «Дзесяць дзён, якія ўстрэсьлі сьвет», «Добрага чалавека з Сэзуану», «А зоры тут ціхія» і іншыя. Перакананы, што і беларускія рэжысэры набраліся на гэтых гастролях «віруса Любімава». А як інакш, калі на той час Таганка была самым экспэрымэнтальным і іншадумным тэатрам.

Тэатар Любімава быў месцам, дзе можна было глытнуць і свабоды, і новага мастацтва

У часы застою і хлусьні з усяго Савецкага Саюзу людзі тэатру ехалі ў Маскву па новыя ідэі. Рэпрэсіі супраць любімаўскай Таганкі яшчэ больш падагравалі інтарэс, яшчэ больш спараджалі жаданьне нават у самых маленькіх рэжысэрыкаў самому нешта сказаць. Любімаў станавіўся для рэжыму вялікай небясьпекай. Ня толькі гастролі ягонага тэатру, але і паўсюдныя канцэрты ягоных папулярных артыстаў, у тым ліку, і ў Менску, — Уладзіміра Высоцкага, Валерыя Залатухіна, Веніяміна Сьмехава, Зінаіды Славінай, іншых — распаўсюджвалі «заразу свабоды». Культавы тэатар станавіўся вялікай небясьпекай для рэжыму. Пахаваньне Высоцкага ў дні маскоўскай Алімпіяды вылілася ў сапраўдную акцыю пратэсту, калі Таганская плошча выбухнула голасным «Фашысты» на адрас улады. Адплаціла ўлада Майстру жорстка — празь некалькі год пазбаўленьнем грамадзянства ў зьвязку зь ягоным крытычным да савецкага мастацтва інтэрвію на Захадзе. Але вылілася для яго ў набыцьцё ўсясьветнай славы пастаноўкамі за мяжой. Пазьней вяртаньне на радзіму стала ягоным трыюмфам. А пакуль ён быў на Захадзе, на радзіме разьлютавалася іншая хваля — хваля ўсеагульнага асуджэньня здрадніка, ворага народу.

Такі сход у сэктары тэатру Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН БССР, дзе я тады працаваў, правёў і беларускі ахоўнік сацрэалізму Ўладзімер Няфёд. Ён абмяркоўваў і асуджаў. Хтосьці ківаў галавой нібыта на знак згоды, хтосьці некалькі баязьлівых словаў казаў у падтрымку начальніка, хтосьці маўчаў. І ў бальшыні сваёй усе разумелі, што і чаму адбываецца. І так па ўсёй краіне. Так было і ў кабінэтах Мінкультуры СССР, дзе рытарычна на знак маёй падзякі за чарговы запрашальнік у тэатар у мяне пыталіся пра ўражаньні ад Любімавага спэктакля: «Славочка, правда же, гениально?» І ў гэтых жа кабінэтах забаранялі ягоныя чарговыя прэм’еры.

Пра хлусьню і цынізм перадусім былі спэктаклі Любімава. І ці не пагарда да такой хлусьні, і ці не пытаньне «навошта хлусіце, ня сорамна?» была на твары Гамлета-Высоцкага, калі з авансцэны ў пралёгу культавага спэктакля ён углядаўся ў твары людзей у залі?! І зноў падумалася: якім бы быў погляд Гамлета-Высоцкага ў сёньняшняй Расеі? Напэўна, ня меней вострым і асуджальным. Бо ў гэтай краіне — уся тая ж хлусьня, усё той жа дэспатызм, і ўсё тое ж цкаваньне сумленных творцаў, які асьмеліліся кінуць выклік самому Пуціну.

***

Маё пакаленьне пражыло эпоху хлусьні. Маё пакаленьне разьвіталася сёньня з чалавекам, які кінуў выклік гэтай эпосе, гэтаму дому хлусьні — яго архітэктарам, яго будаўнікам і, самае галоўнае, — яго жыхарам. Безь Любімава, безь ягоных аднадумцаў і пасьлядоўнікаў, безь немалога атраду іншых сумленных творцаў, гэты дом хлусьні так хутка ня рухнуў бы. І мы былі б іншымі, калі б не Любімаў. Калі б не яны.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG