Расейская і беларуская крымінальныя справы супраць былога кіраўніка «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра аб’яднаныя ў адну, перадае ІТАР-ТАСС.
Пра гэта журналістам паведаміў адвакат расейскага алігарха. Навіну пацьвердзіў і сьледчы, які прызначыў фонаскапічную экспэртызу перамоваў экс-кіраўніка «Ўралкалія».
Уладзіслава Баўмгертнэра арыштавалі ў Менску ў жніўні 2013 году пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам. Сьледчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 424 (злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Беларускі бок лічыць, што супрацьпраўныя дзеяньні Баўмгертнэра і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў БКК нанесьлі шкоду ў памеры 100 мільёнаў даляраў.
Бізнэсовец амаль тры месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ Беларусі і на кансьпіратыўнай трохпакаёвай кватэры спэцслужбаў у Менску. 18 красавіка 2014 году Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што крымінальная справа на Ўладзіслава Баўмгертнэра, уладальніка кампаніі Сулеймана Керымава і яшчэ чатырох асобаў перададзеная праваахоўным органам Расеі. Сьледчы камітэт патлумачыў, што гэта зроблена на просьбу расейскага боку і «паколькі ўсе абвінавачаныя зьяўляюцца грамадзянамі Расеі і знаходзяцца на яе тэрыторыі».
Пасьля экстрадыцыі ў Расею Баўмгертнэр амаль тры тыдні правёў у маскоўскім сьледчым ізалятары № 5. 10 сьнежня 2013 году па хадайніцтве сьледзтва яго перавялі пад хатні арышт. Тэрмін гэтай меры стрыманьня ня раз працягваўся. Хатні арышт у Маскве Баўмгертнэр адбываў у сваім шыкоўным пэнтхаўсе коштам 150 мільёнаў расейскіх рублёў.
1 верасьня 2014 году суд задаволіў хадайніцтва сьледчага аб зьмене Баўмгертнэру меры стрыманьня з хатняга арышту на грашовы заклад. Адносная свабода каштавала 15 мільёнаў расейскіх рублёў.
«Ён прыехаў, смаркач, яго запрашае прэм’ер-міністар. Ён сеў, нага за нагу, і заяўляе: ня будзе гэтага, ня будзе гэтага. Выйшаў, плюнуў на Дом ураду і ў аэрапорт, сьмеючыся. А там яго... Нельга так будаваць адносіны і бізнэс, калі ты выйшаў на ўзровень кіраўніка дзяржавы», — распавядаў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пра затрыманьне Баўмгертнэра ў Менску.