Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка-«міратворца» на Euronews. Што крыецца за яго заявамі: шчырасьць ці палітычны разьлік?


3 кастрычніка тэлеканал Euronews выдаў 8-хвіліннае інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам адносна сытуацыі ва Ўкраіне.

Увечары 3 кастрычніка тэлеканал Euronews выдаў 8-хвіліннае інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам адносна ягонага бачаньня ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне. Відавочна, кіраўнік Беларусі меўся сказаць нашмат больш, але фармат галоўнага эўрапейскага навіннага каналу не зважае на аўтарытэты. Некаторыя выказваньні Лукашэнкі былі анансаваныя ў папярэднія дні і разабраныя журналістамі на цытаты, але шэраг заяваў уяўляюць інтарэс у прыцэле вымушанага манэўраваньня Менска паміж Масквой і Кіевам.

Карэспандэнт Euronews Сэрджыё Кантонэ, які працаваў на кіеўскім Майдане, а потым у Крыме і ў зоне баявых дзеяньняў у Данбасе, наведаўся ў Менск, дзе сустрэўся з «міратворцам» Аляксандрам Лукашэнкам.

5 верасьня менавіта ў беларускай сталіцы пры тэхнічным пасярэдніцтве беларускага боку прадстаўнікі Ўкраіны, Расеі, АБСЭ і самаабвешчаных «народных рэспублік» украінскага Ўсходу падпісалі пагадненьне аб спыненьні агню. Лукашэнка апавёў пра свае высілкі ў якасьці пасярэдніка ў крывавым канфлікце.

Паводле Лукашэнкі, ягоны ўдзел ва ўрэгуляваньні геапалітычнай спрэчкі выкліканы перадусім тым, што трагічныя падзеі адбываюцца ў непасрэднай блізкасьці ад беларускіх межаў, «у нашых родных братоў». Як заявіў Лукашэнка, пры адпаведным жаданьні Ўкраіны, Расеі і Захаду цягам году ў рэгіёне можна было б дасягнуць стабільнасьці нават у цяперашняй сытуацыі. Адзін са сцэнароў заяўленай мэты быў агучаны некалькі дзён таму: Лукашэнка сказаў, што ва ўмовах недаверу Расеі да Захаду — і наадварот — ён гатовы задзейнічаць Узброеныя сілы Беларусі. Але той расклад выклікаў пэсымізм у зацікаўленых бакоў — прынамсі Кіеў ад такіх паслугаў адмовіўся.

Апроч таго, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дзеля стабілізацыі ва Ўкраіне неабходна на дэмакратычных прынцыпах правесьці рэформу Канстытуцыі і ўсяго палітычнага працэсу. Па яго словах, пакуль там застаецца алігархія, якая нават мае сваё войска, украінцам нічога «ня сьвеціць»:

«У алігархаў інтарэсы далёка за межамі Ўкраіны, у іх грошы не ва Ўкраіне, — выказаў абазнанасьць Лукашэнка. — Яны ў любы момант могуць зматацца з Украіны, у іх няма нічога агульнага з украінскім народам».

Дасьведчаны палітык, сябра Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі лічыць, што з канстытуцыйнай рэформы Лукашэнка мусіць пачаць якраз у сябе, а ўжо потым вучыць іншых:

«Я думаю, што рэформа на дэмакратычных прынцыпах павінна быць зроблена найперш у Беларусі. А пакуль Лукашэнка будзе спрабаваць наводзіць парадак за межамі краіны, то гэта будзе нам нагадваць Расею, якая таксама вельмі любіць так рабіць, павучаць іншых. Ва Ўкраіне з Канстытуцыяй, як мне падаецца, больш-менш усё ў парадку, зараз украінская нацыя становіцца толькі мацнейшай і я перакананы, што яны справяцца — і з алігархамі, і з усім астатнім. Вось і ўся праблема. А дапамога такая наўрад ці будзе карыснай і патрэбнай. Іншая справа, каб Лукашэнка заклікаў расейцаў вывесьці з Украіны свае войскі — гэта сапраўды была б істотная дапамога, як ён кажа, „родным братам“. Але зразумела: што ж ён скажа, калі па ўсіх парамэтрах залежны ад Масквы?».

Пытаньне Euronews з катэгорыі «у лоб»: «Ці вы гатовыя прызнаць Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі?». Лукашэнка адказаў, доўга не раздумваючы: «Не-не, мы ж зусім іншай пазыцыі прытрымліваемся. Мы не хацелі б разбурэньня Ўкраінскай дзяржавы. Многія кажуць, што калісьці Крым „няправільна“ адышоў да Ўкраіны, што гэта тэрыторыя спрадвечна расейская і гэтак далей... Гэта няправільны падыход».

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Выглядае, што спробы Расеі працягнуць анэксію ўкраінскіх тэрыторый кіраўнік Беларусі акрэсьліў катэгарычна адмоўна. Як такая пазыцыя будзе ўспрынята ў Маскве — старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін:

«Ну, Масква, па-мойму, таксама не зьбіраецца прызнаваць ні Данецкую, ні Луганскую рэспублікі. Іх і ня будзе. Я упэўнены, што Лукашэнка шчыры, гаворачы аб тым, што выступае за адзінства Ўкраіны. Гэта абсалютна лягічна, і я ня думаю, што тут ёсьць сур’ёзныя супярэчаньні з пазыцыяй Расеі. Прынамсі, ня бачу ніякага супрацьстаяньня, спробы праявіць нейкую самастойнасьць. Асабіста я ня чуў, каб Расея сёньня гаварыла, што яна за аддзяленьне ДНР і ЛНР ад Украіны, такіх афіцыйных заяваў з боку Масквы не гучала — ні ад МЗС, ні ад вышэйшага кіраўніцтва. Таму Лукашэнка гаворыць тое, што па-сутнасьці ёсьць правільным. Я таксама лічу, што павінна быць адзіная Ўкраіна. Іншая справа, што паміж людзьмі, якія там жывуць, трэба знайсьці кансэнсус што да дзяржаўнага ўладкаваньня, спыніць вайну і пачаць нармальна жыць — аднаўляць эканоміку, вяртаць паўнавартаснае жыцьцё. Вось гэта праблема, якую сапраўды неабходна вырашаць. Пачынаць дзяліць краіну на часткі — гэта небясьпечна для ўсяго сьвету. А з улікам, што гэта наш сусед, то гэта небясьпечна і для Беларусі».

У адказ на пытаньне, ці стала змена рэжыму ў Кіеве вынікам найперш крымскіх падзеяў, узорам парушэньня міжнароднага права і тэрытарыяльнай цэласнасьці эўрапейскай краіны, Лукашэнка заявіў, што ня бачыць тут ніякіх наўпроставых аналёгій. Найперш, ён ня лічыць, што дзеяньні Расеі ў Крыме былі ўчыненыя ў адплату за падзеі на Майдане, па-другое, на яго думку, на той момант гэта было якраз вынікам няправільных захадаў уладаў Украіны.

Аляксандар Лукашэнка ўжо звыкла пусьціў у ход аргумэнт, што, маўляў, у постсавецкіх рэспубліках народ ужо «наеўся дэмакратыі» і цяпер людзкой падтрымкай карыстаецца мадэль моцнай дзяржавы, якая не павінна дапусьціць хаосу і, тым больш, грамадзянскай вайны. У адказ на гэта інтэрвіюер пацікавіўся, ці азначае гэта, што найбольш зацятыя прадстаўнікі палітычнай апазыцыі павінны выпраўляцца за мяжу альбо станавіцца аб’ектамі пільнай увагі з боку ўладаў? «Што тычыцца лідэраў апазыцыі, калі вы намякаеце на Беларусь ці на Ўкраіну, ці, напэўна, больш на Расею, — адказаў Лукашэнка, — то мы нікога не выціскаем. Але закон у дзяржаве павінен выконвацца ўсімі, у тым ліку і ўладай, і лідэрамі апазыцыі. Калі ты парушаеш закон, то павінен і адказваць паводле закону».

Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

Былы палітзьняволены Зьміцер Дрозд, асуджаны за ўдзел у акцыі супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, кажа, што ў дадзеным выпадку заявы Лукашэнкі цалкам разыходзяцца з рэаліямі — пры дыктатарскіх рэжымах закон працуе выключна на ўлады:

«Ні для каго не сакрэт, што калі Андрэй Саньнікаў выйшаў з турмы, яму наўпрост сказалі: яшчэ раз вякнеш — зноў вернесься за краты. Пасьля гэтага чалавек быў вымушаны зьехаць. І такога кшталту выцісканьне адбываецца пастаянна і на ўсіх узроўнях — ад кандыдатаў на прэзыдэнта да шараговых актывістаў. Літаральна на днях Паўла Вінаградава папярэдзілі: твая жонка будзе гэтаксама, як Завадзкага, цябе расшукваць і ня знойдзе. Гэта пастаянна гучыць падчас арыштаў таго ж Максіма Вінярскага, калі яму настойліва раяць зьяжджаць, бо, маўляў, усё роўна тут жыць не дадзім. Бачым, як адбываецца суд над Рубцовым, які выяўляе актыўнасьць, ходзіць у майцы з надпісам „Лукашэнка, сыходзь!“, заклікае зьмяніць закон аб выбарах. Зараз ужо заведзена крымінальная справа. То бок, усіх, хто выяўляе хоць нейкую, не санкцыянаваную зьверху і ня ўзгодненую дзейнасьць, выціскаюць з краіны. У гэтым сэнсе мы ідзём на некалькі крокаў наперадзе Расеі і ўсе тыя сюжэты, якія мы ўжо прайшлі, бачым, як сёньня рэалізуюцца ў суседзяў».

Журналіст Euronews Сэрджыё Кантонэ пацікавіўся, ці сапраўды Аляксандар Лукашэнка выступаеце як сумленны пасярэднік у расейска-украінскім канфлікце? Бо складваецца ўражаньне, што афіцыйны Менск ускладае віну збольшага на ўкраінскі бок, але не на прарасейскіх тэрарыстаў, якія ваююць у Паўднёва-Ўсходняй частцы Ўкраіны. Да таго ж, Лукашэнка старанна абыходзіць так званы «праект Наваросія», які застаецца адным з элемэнтаў нестабільнасьці ва Ўкраіне.

Лукашэнка адказаў, што Ўкраіна стала тэатрам ня толькі ваенных дзеяньняў, але і «тэатрам разборак» буйных геапалітычных сілаў як з Захаду, так і з Усходу. На яго думку, першапачаткова большую адказнасьць за цяперашнюю напружанасьць усё ж нясе Захад, які зьдзяйсьняў «эскаляцыю канфлікту» на Майдане. Пры гэтым падкрэсьліў, што фантомнае новаўтварэньне «Наваросія» асабіста ім не ўспрымаецца, і яшчэ раз адзначыў, што выступае «за адзінства і цэласнасьць Украінскай дзяржавы». На яго перакананьне, нельга дапусьціць, каб ва Ўкраіне узьніклі нейкія «замарожаныя канфлікты», адмысловыя зоны кшталту Прыднястроўя ці Нагорнага Карабаху, якія заўсёды ўтойваюць небясьпеку выбуху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG