Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кансэрватыўная рэакцыя


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Чарговае верасьнёўскае сацыялягічнае дасьледаваньне НІСЭПД зафіксавала, што ўсе ранейшыя трэнды грамадзкай думкі Беларусі разьвіваюцца і нават узмацняюцца.

Паляпшаецца сацыяльна-эканамічнае адчуваньне беларусаў, хоць рэальны стан эканомікі пагаршаецца. Расьце давер да ўлады і пэрсанальна да Лукашэнкі, ягоны рэйтынг падрос да 45%. Адпаведна, зьніжаецца давер да апазыцыі.

Найбольш уражвае прыкметнае ўзмацненьне антыэўрапейскай тэндэнцыі. У выніку ўкраінскіх падзеяў 47% (!) апытаных пачалі горш ставіцца да Эўразьвязу. Колькасьць праціўнікаў інтэграцыі Беларусі з ЭЗ павялічылася на 15%. Ад 52% да 62% падтрымліваюць расейскую вэрсію падзеяў ва Ўкраіне.

Усё гэта — кансэрватыўная рэакцыя на ўкраінскі крызіс, які стаў для Беларусі нейкім мэнтальным фэномэнам.

Калі ў Беларусі здарыўся фінансава-эканамічны абвал 2011 году, многія экспэрты прыйшлі да высновы, што беларуская сацыяльная мадэль увайшла ў пэрыяд сыстэмнага крызісу, прычым гэты працэс ужо незваротны. Загаварылі пра новую антылукашэнкаўскую большасьць, на якую можа абапірацца апазыцыя, каб даць рашучы бой дыктатару падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году. Здавалася, што перашкодзіць гэтаму працэсу можа толькі нейкі магутны ўнутраны ці вонкавы катаклізм.

І ён зьявіўся — у выглядзе ўкраінскага крызісу. Прычым цікава тое, што Беларусь сама ў гэтым канфлікце ў суседняй дзяржаве непасрэдна ня ўдзельнічае. Хіба што Менск стаў пляцоўкай для перамоваў аб міры між варагуючымі бакамі.

Беларусы глядзяць на ўкраінскае супрацьстаяньне праз тэлеэкран. Як заўзятары на спартовае спаборніцтва. Прычым найперш гаворка ідзе пра расейскія тэлеканалы. Але гэтая тэлевізійная вайна зрабіла значны паварот у сьвядомасьці беларускага абывацеля. Таму тут, хутчэй, можна гаварыць не пра фэномэн уласна ўкраінскіх падзеяў, колькі пра фэномэн тэлекарцінкі.

Украінскі крызіс закансэрваваў беларускую сацыяльную мадэль, нэўтралізаваў працэс яе эрозіі

Але для нас цяпер больш важныя ня гэтыя тонкасьці, а тое, што маем у сухім астатку. А ў выніку атрымалася, што ўкраінскі крызіс закансэрваваў беларускую сацыяльную мадэль, нэўтралізаваў працэс яе эрозіі. І цяпер ня мае надта вялікага значэньня той факт, што насамрэч эканамічныя праблемы ў Беларусі нарастаюць. Бо крызіс мадэлі надыходзіць толькі тады, калі зьяўляецца сацыяльны крызіс, насельніцтва выказвае незадаволеньне, не гатовае цярпець нягоды, пратэстуе. Напрыклад, у Паўночнай Карэі праблема голаду пэрманэнтная, але крызісу няма, бо народ цярпіць, і рэжым дынастыі Кімаў вельмі стабільны.

Як вядома, усялякі крызіс — гэта ня толькі пагроза, але і акно магчымасьцяў. Можна, вядома, разважаць, што ў нейкім сэнсе Беларусь карыстаецца новымі магчымасьцямі. Маю на ўвазе транзыт у Расею эўрапейскага харчаваньня ці спробы афіцыйнага Менску размарозіць адносіны з Захадам. Але гэта ўсё паліятывы, якія ня моцна ўплываюць на існаваньне беларускай сацыяльнай мадэлі.

То бок пад уплывам украінскіх падзеяў мы назіраем у Беларусі, умоўна кажучы, кансэрватыўную контррэвалюцыю ці кансэрватыўную рэстаўрацыю. І, дарэчы, гэтым разам, у адрозьненьне ад пэрыяду дыялёгу 2008–2010 гадоў, размарожваньне адносін з Захадам не вядзе нават да касмэтычнай унутранай лібэралізацыі ў Беларусі.

Юры Дракахруст у сваім блогу, зважаючы на інстынктыўнае нежаданьне беларусаў уцягвацца ва ўкраінскі канфлікт, кажа пра нараджэньне нацыі. Сапраўды, у глыбока расколатым беларускім грамадзтве цяжка знайсьці пытаньні, якія б аб’ядноўвалі соцыюм. Украінскія забурэньні агалілі старыя архетыпы і фобіі беларусаў («абы не было вайны»), выціснулі іншыя патрэбнасьці інстынктам самазахаваньня, бясьпекі, жаданьнем «схавацца ў бульбу» і пераседзець там ліхія часы. І дарма, што насамрэч для Беларусі гэта чужая, тэлевізійная вайна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG