Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нараджэньне нацыі


Зараз ва Ўкраіне вельмі распаўсюджаная думка, што менавіта цяпер, у агні вайны на ўсходзе краіны, паўстае ўкраінская нацыя, той агонь сплаўляе даволі разнастайнае паводле культурных тыпаў насельніцтва ў адзіны палітычны арганізм. Менш відавочна, што падзеі ў суседа робяць падобны ўплыў і на беларусаў, вайна ва Ўкраіне кансалідуе і іх.

Іншае пытаньне — як. Размовы пра паўстаньне нацыі часьцяком ёсьць адлюстраваньне палітычных густаў таго, хто пра тое паўстаньне гаворыць. Пратэстуюць людзі масава супраць замежнага ўплыву, які таму, хто пра гэта гаворыць, не падабаецца — вось яна нацыя ва ўсёй прыгажосьці. А пратэставалі б супраць уплыву, які публіцысту ці палітыку падабаецца, дык і гутарка б ішла адно пра замбаваньне, цяжкую спадчыну і брак масавай сьвядомасьці.

Між тым ёсьць і іншы, менш ідэалягічна нагружаны погляд — калі ў вострай сытуацыі нейкі варыянт паводзінаў падтрымліваецца пераважнай большасьцю насельніцтва, то гэта нацыянальны інтарэс і ёсьць. Ён не зададзены apriori, ён і вызначаецца тым, вакол чаго людзі ў большасьці кансалідуюцца.

Адразу прадбачу пярэчаньне: ну а 84% у Расеі за «крымнаш» — гэта такое і вакол такога ў іх нацыянальнае адзінства? Так — такое і вакол такога. Па меншай меры цяпер. Можа і зьмяніцца зь цягам часу, але гэта, дарэчы, будзе велізарным шокам для тамтэйшага нацыянальнага арганізму. Нездарма рэвалюцыі і вялікія пераўтварэньні здараліся ў Расеі пасьля прайграных войнаў.

Нацыянальнае адзінства — не сынонім дабра, прыгажосьці і справядлівасьці. Гэта тое, што ўсяго толькі аб’ядноўвае.

Ну дык а што ж у цяперашняй сытуацыі аб’ядноўвае беларусаў? Вывучаючы дадзеныя апошняга апытаньня НІСЭПД, я шукаў пытаньні, адзін з адказаў на якія зьбіраў пераважную, аглушальную большасьць. Знайшоў. І гэта не стаўленьне да Лукашэнкі, ня выбар паміж Расеяй і Захадам, нават ня стаўленьне да падзеяў ва Ўкраіне. Гэта пытаньні, ці варта дазваляць праход расейскіх войскаў праз тэрыторыю Беларусі ў выпадку вайны Расеі з Украінай, і пра стаўленьне да ўдзелу беларускіх грамадзянаў у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны. У першым выпадку адказ «не» далі 77% апытаных, у другім — 75%.

Гэтае адзінства выглядае асабліва цікавым на тле адказаў на пытаньні пра Ўкраіну, дзе грамадзкая сьвядомасьць у значнай ступені паўтарае тэзы расейскага агітпрапу: далучэньне Крыму да РФ — «вяртаньне гістарычнай справядлівасьці» (60%), АТА ўкраінскіх узброеных сілаў у Данбасе — «злачынства супраць уласнага народу» (61%), украінскія ўлады, якія зьмянілі Януковіча — «фашысты» (52%). Дык калі «фашысты», калі «злачынства», то чаму б Беларусі і беларусам не пастаяць за «справядлівую справу»?

А таму. Гэтыя формулы — ідэалёгія, напампаваная СМІ. Ну можа і ня толькі напампаваная, ёсьць і сантымэнт да Расеі, і пэўны сьветапогляд, карціна сьвету, у якой і Вялікая Айчынная, і бандэраўцы, і Захад займаюць пэўныя месцы. Але праз корку ідэалягічных схемаў праломваецца нацыянальнае ўсьведамленьне, што справа ж сур’ёзная, што глядзеньнем тэлевізара можа і не абмежавацца, што на коне — лёс беларускай дзяржавы і выжываньня нацыі.

І рэакцыя адпаведная — ня наша вайна, ня трэба нам быць да яе датычнай ніякім бокам, у нас няма ў гэтай вайне інтарэсаў, за якія мы мусім плаціць нашымі рэсурсамі і нашай крывёй. Гэта не выключае сымпатый да аднаго з бакоў канфлікту, гэта ацэнка з пункту гледжаньня сваіх нацыянальных інтарэсаў, якія ня зводзяцца да інтарэсаў іншых, хай сабе і блізкіх.

Некаму такая пазыцыя можа падацца адно праявай баязьлівасьці. Як жа так, нашых жа б’юць, а наша хата з краю (пры гэтым нашымі розныя людзі могуць лічыць розныя бакі канфлікту)? А калі за нас заўтра возьмуцца? Але што возьмуцца — гэта гіпотэза, сілагізм, які вынікае з пэўнай пасьлядоўнай ідэалягічнай пазыцыі. А ў беларусаў як у цэлага яна іншая. Непасьлядоўная такая. Хаця па-свойму і пасьлядоўная. Возьмуцца за беларусаў заўтра ці не — гэта бабуля надвае варажыла. А вось калі ўлезем выразна на тым ці іншым баку — дык ужо сёньня возьмуцца.

Паўтаруся, нацыянальны кансэнсус — ня vox Dei, ня ісьціна ў апошняй інстанцыі. Можна не пагаджацца зь меркаваньнем большасьці, змагацца за іншую інтэрпрэтацыю нацыянальных інтарэсаў. Але пры гэтым варта ўяўляць, вакол чаго гуртуецца сёньня большасьць, якая зусім не вычэрпваецца прыхільнікамі А.Лукашэнкі. І не лічыць гэта адно вынікам прапаганды.

Эрнст Рэнан пісаў, што нацыя — гэта калектыўная здольнасьць памятаць і калектыўная здольнасьць забываць. Перафразуючы яго, можна сказаць, што нацыя праяўляецца і ў калектыўным намеры ўмешвацца і ў калектыўным намеры ня ўмешвацца. Адносна сытуацыі ва Ўкраіне адказ беларусаў вытрыманы ў стылі знакамітага артыкулу В. Акудовіча — «Бяз нас».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG