Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнае, каб зброя не заржавела


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Мы сёньня бразгаем зброяй, але ціхенька, для саміх сябе, каб, ня дай божа, не пачулі ў НАТО, палякі ды літоўцы ды іншыя немцы.

У нас сёньня ціхія манэўры. Мы ўжо ня проста гуляем у вайну, выдумляем яе на злосьць суседзям, а мы яе баімся першы раз не на словах. Колькі жыву, у гэты час на палігоне ў Гожы, пры літоўскай мяжы, шугала і выбухала, мы пасьпяхова перамагалі ворага, які ўлез на сваю галаву з «сопредельной» тэрыторыі. Асабліва лічэбна і доблесна прайшлі манэўры год таму, калі Пуцін не пагрэбаваў прыляцець на камандны пункт паназіраць у Гожы за сваімі байцамі, што прыбылі з Расеі чыгункай разам з баявой тэхнікай.

Наш галоўнакамандуючы вельмі быў усьцешаны: так удала яны з самім «ВВП» (як называюць яго самі расейцы) скруцілі «патэнцыйнага праціўніка» ў барановы рог. Было заяўлена, што ў наступным годзе вучэньні будуць часьцейшымі і яшчэ больш грандыёзнымі. Але здарылася наадварот: яны сталі цішэй вады, ніжэй травы. І Пуціна болей не запрашаюць з эшалёнамі расейскай арміі. Не, вучэньні не адмянілі. Размаўляў днямі з чалавекам, у яга жонка служыць. Дык вось яна то ў Барысаў, то на Абуз-Лясноўскі палігон, то ў Гожу. І чалавеку даводзіцца супы варыць самастойна. Але шумныя фэервэркі ў той Гожы цяпер рабіць ня будзеш. І натаўцы не зразумеюць, і што ў саюзьнічка ў галаве – нікому невядома. Раптам падумае, што мы Калінінградзкай вобласьцю трэніруемся завалодаць. Карацей, не вучэньні, а мучэньні, як у сапёра, якому наканавана памыліцца толькі адзін раз.

Быў некалі папулярны ўкраінскі анэкдот, выбачайце, пра бандэраўцаў. Дзед палівае на бальконе кветкі ў доўгіх драўляных скрынках. Але ў палівачцы машынны алей. Родным ён нагадвае: галоўнае, каб зброя не заржавела… Але каб здабыць незалежнасьць, Украіне зброя не спатрэбілася. А цяпер кінуліся да скрынак: іржавая спрэс! А для беларусаў лёгкі стрэс. І вось галоўнакамандуючы нас настройвае вырабляць зброю ўласнымі рукамі. Каб не аказацца ў ролі ўкраінцаў – з дапатопным узбраеньнем. Я не зьдзіўлюся, калі цяпер рыхтуюцца начальствам лясныя схроны. У нас жа тэрытарыяльная абарона, закон існуе! Так і пры Сталіне па лясах стрэльбы хавалі на выпадак партызанскіх дзеяньняў.

Вучэньні – звычайна руціннае паўтарэньне, цяга да творчасьці ўзьнікае толькі ў канкрэтных умовах, у баявой абстаноўцы, да якой, бывае, адзін крок. У Гарадзенскі раён калёна расейскай арміі прыбыла чыгункай, у Крым, напэўна, морам, на Данбас – сваім ходам, цераз мяжу. А адна толькі язда «белага канвою» тудой-сюдой чаго вартая! Выдатная апэрацыя прыкрыцьця. Мяшкі з сольлю яны возяць з Масквы! У Данбас, які забясьпечваў харчовай сольлю ўвесь СССР! Гэта называлася ў старажытнасьці «насіць у Афіны совы», у горад мудрай багіні Афіны… Тактыка кантрабандыстаў: зьверху соль, зьнізу наша ўсё. Ды яшчэ бяз догляду на мяжы. Адным словам, рэйды ў тыл ворага, у якога зьвязаныя рукі…

Адгалоскі леташніх вучэньняў доўга не сьціхалі ў Горадні. Асабліва падбалі некаторыя «партызаны», пакліканыя з запасу. Не спадабалася ім мерзнуць у лесе ў намётах, і кармёжка не спадабалася, і ўсё астатняе. А ў мяне тады напісалася падсумаваньне:

Братэрства па гарачай зброі

белага роса з русаком,

скупыя пацалункі камандармаў.

Ня пройдзе больш Гудэрыян,

фон Кейтэль здохне ў чаканьні

перамог. Таму што скрыжаваныя

мячамі калашнікавы тут,

на гэтае мяжы: няма далей

праходу! Крыжом свае калахі

трымаюць два салдаты – Іван і Ян

ці Ясь – русак і беларус – крыжом

ад нечысьці, з пагардай

называнай «НАТАЙ» двума

салдатамі ў курылцы.

Брусэльскую яны капусту пашаткаваць

гатовы у любы мамэнт,

няхай не забываюць

у Брусэлі тым штабісты,

што з-пад знаку «азімуту»:

ня трэба на ражон,

сядзіце дома лепей

з кілішкам шнапсу,

ня трэба квапіцца

на нашу «водку»,

не па зубах яна вам,

паны, сіньёры, геры.

Самі салдаты, асабліва «партызаны», марылі пра яе: у лесе быў абвешчаны сухі закон, бо чакалі галоўнакамандуючых…

Рыхтавацца да мінулай вайны – грошы на вецер: у былой Усходняй Прусіі цяпер рускія танкі, не нямецкія. І ніякія скандынаўскія нацыяналісты прарывацца з Друскенік уздоўж Нёману ня будуць, колькі ні фантазіруй. Варагам да грэкаў цяпер лягчэй паветрам… Але жыцьцё бывае нечаканым: чаму б калідор з Калінінградзкай вобласьці сюды не прабіць, напрыклад? У Крым жа прабіваюць.

Цяпер нашы палкаводцы павінны нейк пазбыцца ў галаве Гудэрыяна, замяніць на Гіркіна. Знайсьці ў ёй месца для «ветлівай» арміі без шаўронаў і абавязкова – для гібрыднай вайны. Цяпер наша чарга дбаць, каб зброя не заржавела. Цішком махаючы рукой з-за калючага дроту НАТО: мы свае, мы немцы! Славянскія толькі. У нас з рускімі нічога агульнага!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG