Узровень даверу насельніцтва да Аляксандра Лукашэнкі працягвае павышацца: калі ў сакавіку яму давяралі 45,9%, а ў чэрвені 49,6%, то сёньня — 53,5%. Не давяралі, адпаведна, 44,1%, 39% і 33,3%.
Такія вынікі верасьнёўскага апытаньня насельніцтва Беларусі, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (Вільня), перадае БелаПАН.
У апытаньні ўзялі ўдзел 1506 чалавек, памылка рэпрэзэнтатыўнасьці не перавышае 3%.
Вырас і электаральны рэйтынг Лукашэнкі: калі ў чэрвені ён складаў 39,8%, то сёньня — 45,2%. У сувязі з 20-годзьдзем перамогі Лукашэнкі на першых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі 55,7% апытаных сказалі, што ў 1994 годзе беларускі народ зрабіў правільны выбар, супрацьлеглай думкі прытрымліваюцца каля 30%.
У той жа час у НІСЭПД адзначаюць, што стаўленьне беларусаў да дзяржаўнай улады носіць дваісты характар. Многія апытаныя даволі скептычна ацэньваюць дзейнасьць дзяржаўнай улады. Так, надзеі на эканамічнае разьвіцьцё Беларусі сёньня больш зьвязваюцца з прыцягненьнем замежнага капіталу — 43,5%, чым з прэзыдэнтам — 37,9% (у сьнежні было 25,7% супраць 36,8%). Не адчуваюць сябе пад абаронай закону 37%.
Паводле аналітыка БелаПАН Аляксандра Класкоўскага, рост рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі адбываецца за кошт украінскага фактару.
«Менск у сытуацыі „пасьля Крыму“ здолеў дыстанцыявацца ад Масквы роўна настолькі, каб не раззлаваць яе, і ў той жа час дастаткова для таго, каб здабываць падзяку Кіева і Брусэля. У выніку дыпляматычная гнуткасьць прынесла краіне ганаровы статус міратворчай пляцоўкі для ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне. Палітыка ў духу „ласкавае цялятка дзьве маткі сьсе“, акрамя ўсяго іншага, адкрыла новыя магчымасьці для беларускай абаронкі, а таксама для экспарту ў Расею харчаваньня. Дарэчы, паказальна тое, як ацанілі практычныя ў масе сваёй беларусы лабавы і цынічны заклік Лукашэнкі займець лішнюю капейку на вайне санкцыяў („трэба варушыцца, выкарыстаць гэты момант і зарабіць грошы“): станоўча — 52,5%, абыякава — 30,8%, адмоўна — толькі 12,7%», — кажа Аляксандар Класкоўскі.
Паводле апошняга апытаньня НІСЭПД, 18,2% апытаных лічаць, што Лукашэнка «цалкам падтрымлівае палітыку ўладаў Расеі», 2,7% — «палітыку ўладаў Украіны», 35,5% — «ён лявіруе паміж канфліктуючымі бакамі», 36,3% — «захоўвае нэўтралітэт».
Ацэньваюць такую палітыку «адназначна станоўча» 14,8%, «хутчэй станоўча» — 44,7%, «хутчэй адмоўна» — 17,2%, «адназначна адмоўна» — 9,6%.