Дарэчы, варта прыгадаць, што два гады таму парлямэнцкая дэлегацыя Малдовы падпісвала ў Менску пагадненьне аб міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве зь непрызнаным Эўразьвязам Нацыянальным сходам РБ. Рабілася гэта тады, калі Крым быў украінскі, так што вайной, якая калі ня ўсё сьпіша, то шмат чаго патлумачыць, тагачаснае пагадненьне патлумачыць немагчыма. Ну і партнэра малдоўскія народныя абраньнікі абралі тады сабе адпаведнага: калі непрызнаньне легітымнасьці беларускага прэзыдэнта з боку ЭЗ усё ж умоўнае (а каму амбасадары даверчыя граматы ўручаюць?), то непрызнаньне «палаткі» безумоўнае — ад кантактаў зь ёй эўрапейскія парлямэнтары ўстрымліваюцца, нават у прывідную парлямэнцкую асамблею «Ўсходняга партнэрства» ходу ёй няма. Ну а ад Малдовы — пагадненьне аб супрацоўніцтве.
Калі прыгадваць больш далёкія часы, то ў тым самым рэчышчы — надзвычай цёплыя стасункі з Лукашэнкам лідэраў грузінскай і украінскай дэмакратый Саакашвілі і Юшчанкі. Ды і ў цяперашніх кіраўнікоў Грузіі і Ўкраіны адносіны з афіцыйным Мінскам адбываюцца зусім не ў санкцыйным рэчышчы.
У гэтым сэнсе адна з мэтаў праграмы «Ўсходняе партнэрства» аказалася выкананай: меркавалася, што праграма будзе спрыяць ня толькі збліжэньню краін-партнэраў з Эўразьвязам, але і паміж сабой. Ну дык яны і збліжаюцца. Іншая справа, што, па-першае, Эўразьвяз і яго праграма тут, можа, і ні пры чым, а, па-другое, меркавалася, што ў гэтым збліжэньні партнэраў «выдатнікі» эўраінтэграцыі будуць падцягваць «двоечнікаў», кшталту Беларусі. Чаго не назіраецца.
Чаму ж краіны, які выразна абралі эўрапейскі шлях і дорага за гэты выбар плацяць, так «скаромяцца» кантактамі зь Беларусьсю, чыё кіраўніцтва ня менш выразна робіць зусім іншы геапалітычны выбар?
Аргумэнты, якімі тлумачаць падобнае збліжэньне малдоўскія эспэрты, ня цалкам адказваюць на гэтае пытаньне. Так, эканамічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю выгаднае Малдове. Але, скажам, Літве ці Славеніі ці любой іншай краіне ЭЗ больш інтэнсіўныя гандлёвыя стасункі зь Беларусьсю таксама б не пашкодзілі. І там, дарэчы, палітыкі таксама разумеюць, што ў стасунках з аўтарытарнымі дзяржавамі эканоміка ад палітыкі зусім не аддзеленая, прынамсі, ласка ў выглядзе запрашэньня ў госьці кіраўніка-аўтарытарыя эканамічным стасункам можа паспрыяць і вельмі заўважна. Але краіны Зьвязу ад такой спакусы адносна Беларусі ўстрымліваюцца. А кіраўнікі, напрыклад, Малдовы — не. Хоць эканамічныя выгады, аб’ектыўна кажучы, не настолькі і вялікія.
Праўда, гэта як лічыць. Расея карае суседзяў за іх праэўрапейскія памкненьні эканамічным эмбарга, Беларусь да яго не далучаецца. А паколькі паўнавартасная мытная мяжа паміж Беларусьсю і Расеяй адсутнічае, то добрыя эканамічныя стасункі зь Беларусью — гэта нярэдка эўфэмізм магчымасьці завозу забароненага тавару празь Беларусь у Расею. Наконт дэталяў схемаў я не спэцыяліст, але калі пасьля расейскага эмбарга пастаўкі малдоўскага віна ў Беларусь рэзка ўзрастаюць, наўрад ці тут прыдатнае тлумачэньне наконт раптоўнай зьмены алькагольных густаў беларусаў.
Пры гэтым калі ў Беларусі і любы бізнэс працуе пад больш-менш пільным даглядам найвышэйшай улады, то фактычная кантрабанда — пад поўным даглядам цяперашняга госьця Кішынэву. Так мне здаецца, прынамсі. І здаецца, што кішынёўскім кіраўнікам здаецца гэтак жа.
Ну і ёсьць яшчэ такая балючая тэма, як Прыднястроўе. Палітыка Менску адносна самаабвешчанай рэспублікі вельмі моцна кантрастуе з пазыцыяй Масквы. Расейскія ўрадоўцы гойсаюць у Тыраспаль, як да сябе дадому. Беларускія — не. Пры гэтым прарасейскі і прасавецкі Тыраспаль ідэалягічна Лукашэнку значна бліжэйшы, чым выразна праэўрапейскі Кішынэў. Але ж у рэальнай палітыцы ён паступае насуперак сваім ідэалягічным густам. Ну і малдоўскія лідэры ў стасунках з Лукашэнкам — таксама. Жэсты ветлівасьці на ягоны адрас — гэта ў пэўным сэнсе плата за «ненанясеньне шкоды». Ужо якая такая вялікая шкода была б Малдове, калі б Лукашэнка пераарыентаваў сваю палітыку на падтрымку Прыднястроўя, сказаць цяжка, але ў Кішынэве аддаюць перавагу таму, каб не высьвятляць гэта практычна. Так што выгады эканамічнага супрацоўніцтва, выгады ад, скажам так, рээкспарту празь Беларусь забароненых тавараў у Расею і стрыманасьць Менску адносна Прыднястроўя — вось фактары, якія ў вачах лідэраў Малдовы пераважаюць каштоўнасьці Эўразьвязу. Таму ў Бэрлін, Вільню ці Варшаву Лукашэнку не запрашаюць, а у Кішынэў запрашаюць.
Усё, здаецца, лягічна і Эўразьвяз нават ня супраць. А чаго быць супраць? Калі неўязнога ў ЭЗ лідэра Беларусі запрашаюць у Сэрбію, якая кандыдат у гэты самы Зьвяз, то ўжо Малдове... Але ёсьць тут і але — тая праблема, пра якую я казаў напачатку. Спакойнае стаўленьне Зьвязу да запрашэньняў беларускага кіраўніка што ў Кіеў, што ў Бэлград, што ў Кішынёў — гэта ня толькі і нават ня столькі Realpolitik, колькі дэманстрацыя таго, што асацыяцыя з ЭЗ і нават кандыдацтва ў яго чальцы — гэта не сяброўства ў Зьвязе. Для Зьвязу гэтыя краіны — не «мы». А гэта часам мае досыць практычныя наступствы, зьвязаныя зусім ня толькі са стасункамі з Лукашэнкам.
Цяпер многія папракаюць Эўропу ваеннай бязьдзейнасьцю ў адказ на гібрыдную вайну Расеі ва Ўкраіне, прыгадваючы цынічную формулу 1939 году — «Ці варта паміраць за Данцыг?». Але пры гэтым забываецца, што і ў Другую сусьветную вайну, і ў Першую нікому ў «старой Эўропе» не прыходзіла ў галаву, скажам, формула «Ці варта паміраць за Брусэль?». Усе разумелі, што варта, бо Бэльгія была часткай «мы» тагачаснай Заходняй Эўропы, а Польшча — не. І справа тут нават не ў юрыдычных абавязках. Зразумела, і 5-ы артыкул НАТО ніхто не скасоўваў, але мяркую, што калі б «зялёныя чалавечкі» зьявіліся, скажам, у Фінляндыі, якая ў НАТО не ўваходзіць, то неваеннымі крокамі адказ Захаду не абмяжоўваўся б. Фінляндыя — частка сучаснага заходняга «мы», Украіна — не. На жаль.
Тое самае тычыцца і Малдовы. Зразумела, ня ў тым справа, што ў Кішынэў запрасілі Лукашэнку, а Брусэль паглядзеў на гэта з алімпійскім спакоем. А калі б не запрасілі, то што — Малдову на другі дзень бы ў НАТО і ў ЭЗ прынялі? Не, зразумела. Але стасункі з кіраўніком Беларусі — своеасаблівая лякмусавая паперка: хто Эўропа, а хто, пры ўсіх сваіх праэўрапейскіх памкненьнях, не.