У Ганконгу дэманстранты, якія выступаюць за рэформу сыстэмы абраньня кіраўніка мясцовай адміністрацыі, запатрабавалі ад Ляна Чжэньіна, які займае цяпер гэтую пасаду, да 1 кастрычніка выканаць іх патрабаваньні. У адваротным выпадку яны пагражаюць новымі акцыямі грамадзянскага непадпарадкаваньня. Сам Лян Чжэньін заклікаў пратэстоўцаў спыніць маніфэстацыі.
Пасьля некалькіх спробаў разагнаць дэманстрантаў (у асноўным студэнтаў), якія сабраліся ў цэнтры Ганконгу, падразьдзяленьні паліцыі ў панядзелак нечакана адступілі. Многія маніфэстанты правялі ноч на вуліцы, а днём ратаваліся ад гарачага сонца пад парасонамі. Парасоны яны выкарыстоўвалі і для абароны ад перцавага і сьлезацечнага газу, ужытага супраць іх паліцыяй. У сродках масавай інфармацыі цяперашнія выступы называюць «рэвалюцыяй парасонаў». Поўная назва руху Occupy Central, які арганізаваў дэманстрацыі — Occupy Central with Love and Peace — падкрэсьлівае яго першапачаткова негвалтоўны характар.
Арганізатары акцыі Occupy Central патрабуюць правядзеньня ў 2017 годзе ў Ганконгу прамых выбараў кіраўніка адміністрацыі, якога да гэтага часу прызначала падкантрольная Пэкіну калегія выбарцаў. Улады Кітаю нядаўна зацьвердзілі працэдуру, згодна зь якой жыхары Ганконгу могуць самі аддаць галасы за аднаго зь некалькіх кандыдатаў. Але прапаноўваць і зацьвярджаць прэтэндэнтаў будзе тая самая калегія выбарцаў. Дэманстранты адпрэчваюць гэты варыянт, заявіўшы, што іх задавальняе толькі варыянт поўнай дэмакратызацыі выбараў, які быў прадугледжаны пагадненьнем аб перадачы Ганконгу пад сувэрэнітэт КНР у 1997 годзе.
Пасьля трохдзённых сутыкненьняў панядзелак прайшоў у цэлым спакойна. Удзельнікі акцый паводзілі сябе ветліва, паліцыя практычна ня ўмешвалася, нягледзячы на тое, што многія дарогі ў цэнтры былі блякаваныя. На ўзбочынах можна было бачыць студэнтаў і вучняў сярэдніх школ, якія робяць хатнія заданьні. Добраахвотнікі разносілі ваду і ежу для тых, хто правёў чарговую ноч на вуліцы. 22-гадовая студэнтка-сацыёляг Элен Квон так тлумачыць стрыманасьць уладаў:
— Я думаю, што гэта стратэгія ўраду. Два дні таму яны ўжылі сьлезацечны газ. Калі б яны зноў выкарысталі яго ўчора ці сёньня, то гэта справакавала б міжнародны скандал. Ціск на ўлады быў бы занадта моцным. Так што той факт, што сёньня ўсё спакойна, цалкам зразумелы.
Асноўныя перасьцярогі выказваюцца з нагоды далейшых плянаў паліцыі, якая заяўляе, што яе кардоны былі ня раз атакаваныя дэманстрантамі. Прадстаўнік кіраўніцтва паліцыі Ганконгу Чэн Такун заклікаў дэманстрантаў устрымацца ад крайнасьцяў:
— Мы асуджаем акты гвалту з боку некаторых пратэстоўцаў, чые напады на паліцэйскія кардоны прывялі да раненьняў ня толькі афіцэраў праваахоўных органаў, але і іншых людзей, якія прысутнічалі на масавых мерапрыемствах. Мы заклікаем тых, хто займае вуліцы выспы Ганконг і раёну Мон Кок, як мага хутчэй пакінуць іх, каб можна было ўзяць сытуацыю пад кантроль. У нас ёсьць дакладныя інструкцыі з нагоды ўжываньня сілы. Таму ўсё залежыць ад сытуацыі. Паліцыя ацэніць яе і вызначыць, які ўзровень умяшаньня зьяўляецца адпаведным.
Паводле арганізатараў дэманстрацыяў у Ганконгу, зь пятніцы ў іх прынялі ўдзел каля ста тысяч чалавек. Незалежнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль не паступала. Назіральнікі лічаць цяперашнія выступы аднымі з самых буйных у Кітаі пасьля студэнцкіх пратэстаў у Пэкіне ў 1989 годзе. Асаблівае раздражненьне афіцыйнага Пэкіну выклікае той факт, што беспарадкі ўспыхнулі ў Ганконгу напярэдадні галоўнага дзяржаўнага сьвята — Дня ўтварэньня Кітайскай Народнай Рэспублікі, які адзначаецца 1 кастрычніка. Сёлета спаўняецца 65 гадоў з таго дня, калі Мао Цзэдун абвясьціў стварэньне КНР з трыбуны на плошчы Цяньаньмэнь. У 1989 годзе плошча стала месцам выступленьняў студэнтаў за дэмакратычныя рэформы. Рух быў разагнаны сілай, што прывяло да шматлікіх ахвяр і доўгай ізаляцыі КНР на міжнароднай арэне.
Прэс-сакратар міністэрства замежных спраў КНР Хуа Чуньін назвала тое, што адбываецца ў Ганконгу, «унутранай справай Кітаю»:
— Ганконг — частка Кітаю, спэцыяльны адміністрацыйны раён у складзе КНР. Ганконг — наша выключна ўнутраная справа. Мы катэгарычна не прымаем любое ўмяшаньне замежнай дзяржавы ў нашы ўнутраныя справы. Мы таксама катэгарычна не прымаем любыя спробы якой-небудзь дзяржавы падтрымліваць такія незаконныя рухі, як Occupy Central. Мы спадзяемся, што пэўныя дзяржавы праявяць стрыманасьць і ня будуць пасылаць няправільныя сыгналы. Цэнтральны ўрад Кітаю верыць і цалкам падтрымлівае ўрад адмысловага адміністрацыйнага раёну Ганконг, які разьбіраецца з сытуацыяй у адпаведнасьці з законам. Мы ўпэўненыя ў доўгачасовым росквіце і стабільнасьці ў Ганконгу, паколькі, як мы лічым, гэта адпавядае інтарэсам усяго кітайскага народу, рэгіёну і ўсяго сьвету.
Сваю заклапочанасьць выказала Вялікабрытанія, чыёй калёніяй Ганконг зьяўляўся раней. А прэс-сакратар Белага дому Джош Эрнст на брыфінгу ў Вашынгтоне заклікаў усе бакі канфлікту «ўстрымацца ад любых дзеяньняў, якія спрыяюць яго эскаляцыі»:
— Злучаныя Штаты падтрымліваюць ідэю ўсеагульнага выбарчага права ў адпаведнасьці з асноўным законам, і мы ўхваляем спадзевы ганконгцаў. Гэта азначае, што захаваньне адкрытага грамадзтва, з максымальна магчымым узроўнем аўтаноміі і з урадам, дзеючым законнымі мэтадамі, зьяўляецца жыцьцёва важным для стабільнасьці і працьвітаньня Ганконгу. Уласна, менавіта гэтыя фактары зрабілі Ганконг такім пасьпяховым мэгаполісам сусьветнага значэньня. Мы лічым, што легітымнасьць кіраўніка адміністрацыі Ганконгу рэзка ўзрасьце, калі яго абраньне на аснове ўсеагульнага выбарчага права будзе прапісана ў асноўным законе гэтага рэгіёну.
У камэнтарах, што публікуюцца ў гэтыя дні ў Расеі, нярэдка тое, што адбываецца ў Ганконгу, называецца «змовай ЗША з мэтай паўплываць на палітыку КНР, а таксама помстай за збліжэньне апошнім часам Пэкіну і Масквы».
Сытуацыя ў Ганконгу выклікае асаблівую заклапочанасьць на Тайвані, які лічыўся мяцежнай правінцыяй КНР. Афіцыйны Пэкін ня раз заяўляў, што перадача Ганконгу пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе і захаваньне для яго статусу адмысловага адміністрацыйнага раёну павінна пераканаць Тайбэй у тым, што адмова ад ідэі дзяржаўнай незалежнасьці Тайваню і яго ўключэньне ў склад КНР не адаб’ецца нэгатыўна на ўзроўні жыцьця і грамадзянскіх свабодах тайванцаў. Прэзыдэнт Тайваню Ма Іньцьзю пацьвердзіў у інтэрвію тэлеканалу «Аль-Джазіра», што «тайваньскі народ уважліва сочыць за сытуацыяй».
Акцыі вядучых ганконскіх кампаній патаньнелі на таргах у панядзелак у сярэднім амаль на два адсоткі. Рэзка скараціўся прыток турыстаў з кантынэнтальнай часткі КНР. У Ганконгу адменены фэервэрк над затокай у гонар Дня ўтварэньня Кітайскай Народнай Рэспублікі. ЗША, Аўстралія і Сынгапур заклікалі сваіх грамадзян устрымацца ад паездак у Ганконг.
Улады кантынэнтальнага Кітаю да гэтага часу ніяк адкрыта ня ўмешваліся ў цяперашнюю сытуацыю. Вядома, што многія вядучыя ганконскія прадпрымальнікі, уключаючы мільярдэра Лі Кашына, самага багатага чалавека ў Азіі, на мінулым тыдні пабывалі ў Пэкіне для перамоваў з кіраўніцтвам КНР і абмеркаваньня цяперашняй напружанасьці ў Ганконгу. Самі бізнэсмэны якіх-небудзь заяваў пакуль таксама не рабілі.