Прыток інвэстыцыяў у беларускую эканоміку сёлета параўнальна зь мінулым годам істотна зьнізіўся. Гэта паказваюць лічбы, якія зьявіліся на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Паводле вынікаў за першыя восем месяцаў 2014 году, усе вобласьці, за выключэньнем Гомельскай, сёлета працуюць у мінус:
Берасьцейская — 84,9%
Віцебская — 74,4%
Гарадзенская — 86,4%
Магілёўская — 89,0%
Менск — 99,8%
Менская — 83,9%
І толькі на Гомельшчыне інвэстыцыі пабольшалі — 104,2%.
Эканаміст Леў Марголін тлумачыць Свабодзе, чаму так адбываецца:
«Раней у нас было арыентаваньне перш за ўсё на дзяржаўныя інвэстыцыі. Грошы давалі на вытворчасьць тэлевізараў, лядоўняў, цэмэнту, у дрэваапрацоўку, „малочку“... Але нарэшце ўлады сьцямілі, што ў гэтай палітыцы ёсьць два вялікія недахопы. Першы — такія ўкідваньні разганяюць інфляцыю. Другі — якасьць аддачы такіх інвэстыцыяў вельмі дрэнная. Бо калі чалавек распараджаецца не заробленымі альбо прыцягнутымі грашыма, а дзяржаўнымі, то і стаўленьне да іх адпаведнае. Траціш жа не сваё, а дзяржаўнае.
Цяпер кіраўніцтву прыйшла новая думка: калі дзяржаўныя інвэстыцыі не эфэктыўныя, трэба стымуляваць прыватныя грошы. Але прыватных інвэстыцыяў у нас ня можа быць паводле вызначэньня, бо, па вялікім рахунку, мы ня маем свайго прыватнага капіталу. І гэта пацьвярджае выключэньне, якое склала Гомельская вобласьць. Там ёсьць Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, які больш як напалову прыватны. Там расейскі капітал, і таму інвэстыцыі туды ідуць прыватныя. Сёньня беларускі ўрад шукае валюту на нью-ёрскім інвэстыцыйным форуме. Ён, дарэчы, ня першы і, мабыць, не апошні. Падобныя мы праводзілі ў Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, іншых краінах. Дый сам Лукашэнка лятаў па інвэстыцыі ў Эміраты, іншыя дзяржавы.
Наша кіраўніцтва ніяк ня можа зразумець, што тое, што яму падаецца прывабным, не выглядае такім у вачох прыватнага капіталу. Асабліва таго, які ідзе ня толькі з грашыма, а яшчэ і з тэхналёгіямі. Такі капітал вельмі прывабны ва ўсім сьвеце, за яго змагаюцца, нават б’юцца. Але з нашай дэмакратыяй, з нашай судовай сыстэмай, з нашымі магчымасьцямі абараніць укладзеныя грошы вельмі і вельмі цяжка кагосьці сюды завабіць. Ёсьць толькі два варыянты. Калі можна разьлічваць на 300% прыбытку. І другі — асобныя праекты. Напрыклад, са швайцарскімі цягнікамі. Бо калі канкрэтнай справай займаецца непасрэдна кіраўнік краіны, то тады, зразумела, можна і нечым рызыкнуць. Але ж ня можа Лукашэнка займацца ўсімі інвэстыцыямі. Таму яны ў нас і падаюць. А падаюць інвэстыцыі — дэградуе эканоміка».