Прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк заявіў на пасяджэньні ўраду, што Ўкраіна мае дастаткова сродкаў для рэалізацыі першага этапу праекту «Сьцяна».
Таксама ён адзначыў, што эўрапейскія партнэры павінны падтрымаць Украіну ў гэтым пытаньні.
«Гэта пытаньне бясьпекі Эўропы і фактычна гэта ўладкаваньне ўсходняй мяжы Эўропы», — сказаў прэм’ер.
Першы намесьнік старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Павал Шышолін на пасяджэньні ўраду прапанаваў рэалізаваць праект у два этапы.
Асноўнымі элемэнтамі інжынэрнага ўладкаваньня расейска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы на сухапутным участку будуць кантрольна-сьледавыя палосы, земляныя равы, сыстэмы оптыка-электроннага назіраньня, электронна-сыгналізацыйныя комплексы.
У першую чаргу прадугледжана выкапаць роў, празь які «проста так ня зможа пераехаць транспартны сродак».
«Меры інжынэрна-тэхнічнага абсталяваньня будуць прадугледжваць земляныя і бэтонныя равы шырынёй ня менш за 4 мэтры і глыбінёй 2 мэтры, кантрольна-сьледавыя палосы, ракадныя дарогі, разнастайныя сыстэмы оптыка-электроннага назіраньня, вежы, электронна-сыгналізацыйныя комплексы і разнастайныя фартыфікацыйныя збудаваньні», — цытуе Шышоліна «Ўкраінская праўда».
На рачным і марскім участках мяжы ўзровень абароны будзе меншы, бо там ужо ёсьць штучная перашкода, на гэтых участках паставяць сыстэму фіксацыі. На марскім участку прадугледжана ўсталяваць сыстэму оптыка-электроннага назіраньня, а таксама фартыфікацыйныя збудаваньні, якія не дапусьцяць бесьперашкоднай высадкі на тэрыторыю Ўкраіны, перадае УНІАН.
Паводле Шышоліна, рэалізацыя праекту пачнецца з некалькіх участкаў мяжы, дзе не праводзіцца АТА, агульнай працягласьцю ў 500 кіламэтраў (агульная працягласць 2,295 тыс. км).
«На першым этапе праект будзе рэалізоўвацца на тэрыторыях, дзе не вядуцца баявыя дзеяньні, дзе мы можам забясьпечыць бясьпеку выкананьня работ. Гэта межы Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласьцей. А таксама, часткова, паўночных раёнаў Луганскай вобласьці: пачынаючы ад Гарадзішча, да стыку з Харкаўскай вобласьцю. Паралельна работы будуць праводзіцца на сухапутным участку адміністрацыйнай мяжы з Ааўтаномнай рэспублікай Крым і на марскім участку, у першую чаргу насупраць Марыюпалю, Бярдзянску і Генічэску», — паведаміў Шышолін.
Паводле ягоных слоў, на рэалізацыю праекту прадугледжаны сродкі як зь дзяржбюджэту, так і пазабюджэтныя, а таксама будзе прыцягвацца міжнародная тэхнічная дапамога.
Ён дадаў, што памежная служба мае намер прыцягнуць да ўладкаваньня мяжы беспрацоўных грамадзян, у тым ліку з Данецкай і Луганскай абласьцей.