Паводле кіраўніка камэрцыйнай арганізацыі Сяргея Дымкова, акрамя прасоўваньня брэнду ягонай арганізацыі мэта акцыі палягае і ў далучэньні як мага большай колькасьці магілёўцаў да беларускай мовы. «У іх ёсьць магчымасьць згадаць нацыянальную мову беларусаў перакладаючы беларускія словы на расейскую мову», — зазначае Сяргей Дымкоў.
«Мы просім мінакоў, каб яны пераклалі на расейскую мову тры беларускія словы. Гэта простыя словы, але ў людзей зь перакладам паўстаюць пытаньні, — даводзіць бізнэсовец. — Для большасьці некаторыя словы гучаць дужа знаёма, але людзі ня могуць згадаць, што гэта такое. Вось напрыклад „кубачак“ — ведаюць, што гэта нейкая ёмістасьць, але ня ведаюць якая».
З найбольш складаных для перакладу на расейскую мову сталі для магілёўцаў беларускія словы «Імбрык» ды «Сподачак».
Магілёўцы на супольную акцыю бізнэсоўцаў і актывістаў з ТМБ рэагавалі пазытыўна. Некаторыя прызнаваліся, што беларускія словы ім даводзіцца ўжываць ня часта. Некаторыя, у асноўным моладзь, казалі, што да беларускай мовы вяртаюцца ў побыце наадварот часта.
Адна з маладзіц зазначыла, што лета праводзіла ў Расеі і там дужа цікавіліся, ці ёсьць у беларусаў свая мова: «Даводзілася, прызналася дзяўчына, згадваць асобныя словы і нават зь іх складаць сказы».
Яе сяброўка наагул заявіла, што ў бацькоў гаворыць збольшага па-беларуску, бо яны зь вёскі. «У горадзе ж я гавару як усе — па-расейску», — зазначыла дзяўчына.
Жанчына сталага веку, адказваючы на пытаньне, як часта яна ўжывае беларускія словы ў сваёй гаворцы, прызналася, што ня часта, і тут падакарала журналістаў, што некаторыя зь іх, гаворачы па-беларуску, ужываюць зашмат русізмаў: «Я нават зьбіралася пісаць скаргу на радыё, бо такі варыянт мовы толькі адштурхоўвае людзей ад яе», — заявіла кабета.
1 верасьня акцыя «Салодкі дзень ведаў» завершыцца. Яе вынікі будуць апублікаваныя на сайце магілёўскай суполкі ТБМ.
Сёлета 21 лютага камэрцыйная арганізацыя «Cukerki.by» праводзіла падобную акцыю. Тады яе прымеркавалі да Дня роднай мовы. Яна так і называлася «Салодкі Дзень роднай мовы».