Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данбасе загінула больш за 3000 чалавек, — ААН


Захоплены расейскім войскам горад Новаазоўск Данецкай вобласьці.
Захоплены расейскім войскам горад Новаазоўск Данецкай вобласьці.

На ўсходзе Ўкраіны ў выніку ваенных дзеяньняў зь сярэдзіны красавіка забітыя 2593 чалавекі. Яшчэ амаль 300 сталі ахвярамі зьбіцьця малайзійскага самалёта.

У жніўні штодзённая колькасьць забітых павялічылася ў тры разы, калі параўноўваць з папярэднімі месяцамі. Як перадае УНІАН, пра гэта паведаміў памочнік генэральнага сакратара ААН па правах чалавека Іван Шымановіч на брыфінгу ва Ўкраінскім крызісным мэдыя-цэнтры, прадстаўляючы даклад Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, які ахоплівае пэрыяд з 16 ліпеня па 17 жніўня.

«Пакуль ёсьць пацьверджаньне сьмерцяў 2593 чалавек. І гэта будзе каля 3 тысяч, калі мы ўключым у пералік ахвяраў катастрофы малайзійскага самалёта», — сказаў ён.

Паводле словаў Шымановіча, у жніўні ваенныя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны сталі яшчэ больш інтэнсіўнымі, і ў выніку колькасьць забітых людзей значна ўзрасла.

«У пэрыяд зь сярэдзіны красавіка да сярэдзіны ліпеня мы падлічылі, што прыблізна 11 чалавек забівалі штодня. За апошні пэрыяд справаздачы, то бок за апошні месяц, падлічана, што ў сярэднім 36 чалавек забіваюць кожны дзень, а ў апошнія 10 дзён гэта колькасьць яшчэ большая», — сказаў Шымановіч.

Ён паведаміў, што колькасьць ахвяраў расьце ў выніку ўзмацненьня ваенных дзеяньняў з выкарыстаньнем цяжкага ўзбраеньня ў густанаселеных раёнах.

Як адзначана ў дакладзе, паводле стану на 17 жніўня лічыцца, што розныя ўзброеныя групы працягваюць утрымліваць пад вартай як мінімум 468 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG