Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прымаюць украінскіх уцекачоў у Беларусі


Уцекачы з Луганску прыбылі ў Львоў. Ліпень 2014
Уцекачы з Луганску прыбылі ў Львоў. Ліпень 2014

Збройнае супрацьстаяньне на паўднёвым усходзе Украіны спарадзіла магутную хвалю ўцекачоў — большая частка іх скіроўваецца ў Расею, але нямала і тых, хто хацеў бы знайсьці прытулак у Беларусі.

Між тым, публічна абяцаючы цёплы прыём, беларускія ўлады не сьпяшаюцца ўладкоўваць украінцаў, у лепшым выпадку прапануючы ім ехаць «падымаць калгасы». Не сустрэўшы паразуменьня, многія ахвяры вайны шукаюць іншых месцаў для паратунку.

Жыхары Луганску Іван і Марына, ратуючыся ад абстрэлаў, разам з 6-гадовым дзіцём зьехалі з роднага гораду тры месяцы таму. Спачатку спрабавалі атабарыцца ў Санкт-Пецярбургу, потым месяц адседжваліся ў Крыме, куды таксама дабіраліся з прыгодамі. Пасьля гэтага шукалі шчасьця ў Маскве. Урэшце, спакусіўшыся на беларускую прапаганду, прыехалі ў Менск.

Як расказаў іхні мясцовы сваяк, тыдзень давялося здымаць зь сямейнай пары «ружовыя акуляры», бо іхняе ўяўленьне пра Беларусь складалася з суцэльных мітаў. Уцекачы на поўным сур’ёзе разьлічвалі ўзяць ледзь не беспрацэнтны крэдыт, збудаваць домік і зажыць як у раі. Маўляў, з абяцаньняў Аляксандра Лукашэнкі якраз нешта падобнае і вынікала. А паралельна паспрабавалі ўладкавацца на «высокааплатную» працу. Працадаўцы, даведаўшыся пра ўкраінскае грамадзянства, кандыдатаў альбо разварочвалі, альбо патрабавалі як мінімум від на жыхарства. Дзеля справядлівасьці, дзьве прапановы ўсё ж паступілі: Марыне — прадавачкай (з умовай наяўнасьці санітарнай кніжкі), Івану — грузчыкам. Заробак у абодвух выпадках — 3 мільёны рублёў.

Паходы па легалізацыю ў тэрытарыяльныя падразьдзяленьні па грамадзянстве і міграцыі вялікага плёну не далі: хадайніцтва замежнікаў аб наданьні статусу ўцекача разглядаецца ад 6 месяцаў да 1 году, а да таго часу, як спадзяюцца ўкраінцы, сытуацыя на радзіме нармалізуецца і яны зноў вернуцца ў родны горад. Дарэчы, на гэты час заяўнікам выплачваецца адзіная афіцыйна прадугледжаная дапамога — аднаразовая выплата ў 150 тысяч рублёў. Знаходзіцца без рэгістрацыі ў Беларусі грамадзянам Украіны можна толькі 30 дзён, пасьля чаго ім пагражае штраф да 50 базавых велічыняў.

Тым ня меней ад прапановаў паехаць уздымаць калгасы маладыя людзі адмовіліся: на радзіме Іван быў пасьпяховым бізнэсмэнам, мог утрымліваць жонку, якая даглядала сына:

«У аддзеле міграцыі нам наўпрост далі зразумець, што на статус уцекача разьлічваць наўрад ці выпадае, бо павінен быць нейкі экстраардынарны выпадак. Мы пад гэтае азначэньне як быццам не падпадаем. Але ўдакладнілі, што ёсьць варыянты працаўладкаваньня і, адпаведна, пасяленьня ў вёсках, у калгасах — маўляў, там працоўныя рукі сапраўды патрэбныя, едзьце, пакуль ёсьць хоць такая магчымасьць. Што да статусу ўцекача ці хоць бы працягу рэгістрацыі, то пра гэта можна нават ня марыць. Але ехаць кудысьці ў вёску мы проста не гатовыя».

У сувязі з ваеннымі дзеяньнямі колькасьць украінскіх уцекачоў у Беларусі ад пачатку лета перавысіла 25 тысяч чалавек. Такія лічбы агучыў беларускі амбасадар у Кіеве Валянцін Вялічка. Паводле ягоных словаў, з гэтай колькасьці паўтысячы напісалі заявы аб наданьні статусу ўцекача. Аднак, як удакладнілі ў дэпартамэнце па грамадзянстве і міграцыі МУС, лічба не зусім карэктная, бо адлюстроўвае колькасьць людзей, якія перасеклі дзяржаўную мяжу Беларусі, але не абавязкова з прычыны канфлікту. Таксама ў ведамстве называюць іншую лічбу тых, хто зьвярнуўся па статус уцекача, — меней за 300 чалавек. Але ў любым выпадку ўкраінская прысутнасьць у Беларусі за апошні час істотна вырасла, і гаворка сапраўды ідзе пра тысячы. Гаворыць начальнік згаданага дэпартамэнту Аляксей Бягун:

«Ужо больш за 7 тысяч украінцаў атрымалі дазвол на працу ў Беларусі. Зразумела, што гэта не абавязкова тыя людзі, якія прыехалі ў Беларусь апошнім часам. Нехта працуе тут ужо ад мінулага году. Хтосьці атрымаў дазвол на часовае пражываньне таксама зь іншых прычын, не зьвязаных з ваенным канфліктам, альбо прыехаў на сталае месца жыхарства і блізкі да атрыманьня беларускага грамадзянства. Ува ўсіх розныя прычыны і розны лёс».

Тым часам у зьвязку са зваротамі ў пытаньнях працаўладкаваньня з боку грамадзянаў Украіны сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны апублікаваў пералік вакантных месцаў у сталіцы і рэгіёнах. Прычым, што тычыцца Менску, колькасьць кандыдатаў звычайна абмяжоўваецца адным-двума (адно што прадаўцоў у крамы на тыя ж 3 мільёны рублёў набіраюць дзясяткамі), але інтэрнаты, як правіла, не прадугледжваюцца. Ёсьць прапанова працаваць вахтавым мэтадам на аб’ектах АЭС у Астраўцы, але куды падзецца, вярнуўшыся назад? У рэгіёнах вакансіяў няшмат, дый фінансава яны ня надта прывабныя.

Паколькі адмысловых лягераў уцекачоў для ўкраінцаў у Беларусі не існуе, ахвотным прапануюць ехаць у рэгіёны. Перадусім гэта тычыцца ня самых пасьпяховых калгасаў, у якіх няма каму працаваць фізычна і куды бяруць усіх запар. Праўда, тых, хто пагаджаецца на такі варыянт, няшмат: найперш, часовае жытло патрабуе значнага рамонту, па-другое, абяцаны заробак мізэрны нават па ўкраінскіх мерках — 200 даляраў у эквіваленце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG