У вёсцы Выбуты пад Псковам раніцай 25 жніўня прайшло пахаваньне дэсантнікаў, якія загінулі пры невядомых абставінах.
Пра гэта паведамляе расейскае выданьне Slon са спасылкай на мясцовыя крыніцы. Відавочца адпяваньня загінулых, на якім прысутнічалі каля ста чалавек, распавёў, што дата і абставіны гібелі байцоў не называліся, былі агучаны толькі імёны. Пахаваньне прайшло на могілках побач з вайсковым палігонам. Іншая крыніца Slon у Пскове змагла выявіць на могілках у Выбутах дзьве сьвежыя магілы зь вянкамі ад падразьдзяленьняў пскоўскіх ВДВ. Магілы належаць байцам Кічаткіну і Восіпаву.
Інфармацыя пра сьмерць Леаніда Кічаткіна зьявілася ў інтэрнэце 24 жніўня. Журналіст «Русской планеты» Ільля Васюнін разьмясьціў у твітэры скрыншот старонкі Кічаткіна ў «Вконтакте», якая пазьней была выдаленая. На гэтай старонцы зьявілася паведамленьне аб гібелі Кічаткіна ад імя яго жонкі Аксаны. Аднак, калі Васюнін датэлефанаваўся да сям’і дэсантніка па тэлефоне, яго запэўнілі, што Кічаткіна жывы. Больш за тое, нейкі мужчына заявіў журналісту, што ён і ёсьць Леанід Кічаткін.
21 жніўня ўкраінскія журналісты выклалі ў інтэрнэт ускосныя доказы прысутнасьці пскоўскіх дэсантнікаў ў Луганскай вобласьці — на апублікаваных фотаздымках відаць дакумэнты з імёнамі байцоў, зброю, дэсантныя барэты. «У раёне Лутугіна нашы захапілі БМД-2, бартавы нумар 275, са складу 1-й парашутна-дэсантнай роты в/ч 74268, Пскоўскай паветрана-дэсантнай дывізіі, камузвода ст. лейтэнант Папоў. У машыне ўся дакумэнтацыя: журнал нарадаў, вячэрняй паверкі, журнал „увальніцельных“. Расейскія сухія пайкі выпуску сакавіка гэтага году. Экіпаж... ну, скажам, згубіўся па дарозе», - напісаў журналіст Леанід Швец. У Мінабароны РФ інфармацыю аб прысутнасьці ва Ўкраіне расейскіх вайскоўцаў чарговы раз катэгарычна абверглі.
18 жніўня Уладзімір Пуцін спэцыяльным указам узнагародзіў ордэнам Суворава 76-ю Чарнігаўскую дывізію ВДВ, якая базуецца ў Пскоўскай вобласьці, «за пасьпяховае выкананьне баявых заданьняў камандаваньня і праяўленыя пры гэтым асабістым складам мужнасьць і гераізм». Міністар абароны Сяргей Шайгу, які спэцыяльна прыехаў у Пскоў з гэтай нагоды, даў зразумець, што дывізія ўзнагароджана па сукупнасьці баявых заслуг, у тым ліку, за дзеяньні падчас правядзеньня рэфэрэндуму ў Крыме.
Між тым расейскія журналісты і блогеры зьвярнулі ўвагу на раптоўнае спыненьне актыўнасьці ў акаўнтах «Вконтакте», якія належаць пскоўскім дэсантнікам. Блогер Віктар Бондараў адзначыў, што ў цэлай групе акаўнтаў, якія раней актыўна абнаўляліся, апошнімі днямі заходу сталі 15 і 16 жніўня:
«Адзін чалавек зайшоў 17 жніўня. Усё! Пасьля 17 жніўня ніводзін са сьпісу ніжэй не зьяўляўся на сайце. <...> Мабыць, 15-16 жніўня быў нейкі бой, і большасьці зь іх ужо няма сярод жывых», — напісаў Бондараў ў «Жывым журнале».
Акрамя таго, 25 жніўня адзін з заснавальнікаў выданьня Look At Me Аляксей Амётаў напісаў у твітэры, што сустрэў на трасе мужчыну, які ехаў ва Ўлан-Удэ на пахаваньне свайго сына — дэсантніка, які загінуў пад Данецкам.
У вёсцы Выбуты пад Псковам знаходзіцца царква Ільлі Прарока і могілкі, заснаваныя ў XV стагодзьдзі. Непадалёк — на паўднёвай ўскраіне Пскову — разьмешчаны вайсковы гарадок, у якім базуецца 76-я Чарнігаўская дывізія ПДВ.