Некалькі сябраў руху «За свабоду» і партыі БНФ прайшлі па горадзе з жоўта-блакітным украінскім сьцягам.
Іхны маршрут распачаўся ад помніка князю Альгерду і завяршыўся каля крыжа Эўфрасіньні Полацкай на ўзьбярэжжы Дзьвіны каля Ўсьпенскага сабору.
«Па дарозе нас ніхто не чапаў, але праз пэўны час мы заўважылі, што нас суправаджае незнаёмы хлопец у цывільным і з відэакамэрай. Аднак ён да нас не набліжаўся, не замінаў запаліць сьвечкі, пакласьці кветкі да крыжа і памаліцца за мір на Ўкраіне ды за тых, хто загінуў за незалежнасьць братняга ўкраінскага народу. Пакуль мы йшлі па вуліцы Суворава, да нас зьвярталіся мінакі. Але без аніякае агрэсіі — толькі пыталіся, чаму мы йдзем з украінскім сьцягам. Патлумачылі, што 24 жніўня на адзначаюць Дзень незалежнасьці Ўкраіны, і што мы салідарныя з тымі, хто адстойвае там волю і незалежнасьць, » — апавёў віцебскі каардынатар руху «За Свабоду!» Хрыстафор Жаляпаў.
Тое, што ўсё сёньня абышлося без затрыманьняў, не можа быць гарантыяй таго, што ў міліцыянтаў ня з’явіцца прэтэнзій да актывістаў, лічыць сябар партыі БНФ Аляксандар Ільлінец:
«Я фатаграфаваў ускладаньне кветак і сяброў са сьцягам. І нейкі незнаёмы чалавек пачаў абурацца, што я здымаю нешта ня тое. Ці гэта быў выпадковы мінак, ці нейкі правакатар — я ня ведаю. Але па дарозе дахаты — а я ехаў на ровары — мяне дагнала машына ДАІ, з выйшаў міліцыянт, папрасіў прад’явіць дакумэнты і перапісаў усе мае асабістыя дадзеныя».