З трыццаці праўкраінскіх плякатаў, якія актывісты прынесьлі на Неўскі праспэкт, цэлымі засталіся толькі 2, астатнія былі парваныя натоўпам.
25 актывістаў кааліцыі «Дэмакратычны Пецярбург» вырашылі павіншаваць Украіну з Днём незалежнасьці, выйшаўшы на Неўскі праспэкт з сэрыяй адзіночных пікетаў. Галоўны лёзунг акцыі — «Віншуем Украіну з Днём незалежнасьці!»
Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, арганізатары акцыі распаўсюдзілі ў інтэрнэце заяву, у якой гаворыцца:
«Мы заўсёды выступалі і працягваем выступаць у падтрымку народа Ўкраіны і яго эўрапейскага выбару. Мы, расейскія дэмакраты, лічым незаконнай анэксію Крыма і далейшую дэстабілізацыю сытуацыі ва Ўкраіне з падачы Пуціна. Мы выступаем за неадкладнае спыненьне вайны, якая разьвязана на Паўднёвым Усходзе пры непасрэдным удзеле расейскіх уладаў, вайскоўцаў і наймітаў-бандытаў. Мы лічым вар’яцтвам імпэрскую захопніцкую палітыку Расеі супраць гістарычна блізкага нам народа. Працягваюцца спробы Крамля паставіць на калені непакорлівую Ўкраіну, агрэсіўная антыўкраінская прапаганда і татальная хлусьня ў расейскіх дзяржаўных СМІ разбурылі гэтую блізкасьць і ператварылі яе ў нянавісьць».
У руках ва ўдзельнікаў пікетаў былі плякаты: «СССР-2 не бываць», «Крым — гэта Ўкраіна!», «Украіна — наш сусед, нам патрэбныя не брацкія, а добрасуседзкія адносіны».
Мінакі рэагавалі на гэтыя плякаты вельмі бурна — яны крычалі на адрас актывістаў абразы, называючы іх «фашыстамі» і «бандэраўцамі», нападалі, спрабавалі зьбіваць. У выніку з 30 плякатаў цэлымі засталіся толькі 2, усе астатнія былі парваныя.
Супрацоўнікі паліцыі затрымлівалі і ўдзельнікаў пікетаў, і мінакоў, якія на іх нападалі, у выніку ў аўтазаку апынулася каля дзясятка актывістаў.
— У апошні час мінакі часта нэгатыўна рэагуюць на нашыя лёзунгі, але такой колькасьці абразаў і боек я не прыгадаю, — кажа арганізатар акцыі Натальля Цымбалова. — У мяне проста прыгнятальнае ўражаньне ад гэтай агрэсіі. Ужо пасьля акцыі тут утварыўся стыхійны народны сход, дзе людзі з процілеглымі поглядамі крычалі адзін на аднаго і спрачаліся. У нас яшчэ вырвалі два маленькіх ўкраінскіх сьцяжка і тут жа, на Неўскім, спалілі іх.
У гэты ж час актывісты незарэгістраванай партыі «Другая Расія» закідалі дымавымі шашкамі генконсульства Ўкраіны, разгарнулі вялікі сьцяг так званай «Наваросіі», раскідалі ўлёткі «Сьмерць кіеўскай хунце і прэзыдэнту Парашэнку!»