Адвакат, якая трывала дапамагае палітвязьню Васілю Парфянкову, атрымала дазвол на спатканьне зь ім ў горацкай калёніі і неўзабаве выпраўляецца на сустрэчу. Атрымаць такі дазвол было складана.
«Ужо два месяцы ад Васіля Парфянкова няма зьвестак, а чаму, мы ня ведаем», — распавяла грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык.
«Паедзе да яго адвакат і высьветліць, чаму гэтак і чым можна дапамагчы. Гэта зьдзек, што не выпускаюць ад яго лісты ўжо 2 месяцы. Мала таго, што сядзіць ў адзіночцы, дык яшчэ і інфармацыйная ізаляцыя».
Былы вязень Плошчы Васіль Парфянкоў асуджаны на год калёніі строгага рэжыму за тое, што парушыў правілы прэвэнтыўнага нагляду. Гэты нагляд быў усталяваны за Парфянковым пасьля некалькіх затрыманняў на акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі. Адбывае пакараньне Парфянкоў у калёніі ў Горках, дзе яго некалькі разоў каралі карцэрам.