Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве зацьвіў Дняпро


Рачная плынь нясе вялізныя зялёныя разводы. Паводле спэцыялістаў-эколягаў, сёлетняя сьпёка паспрыяла разрастаньню раскі. Гэтую рачную водарасьць і нясе Дняпро. Эколягі супакойваюць: пагрозы чалавеку і навакольнаму асяродзьдзю няма. Сытуацыя пад кантролем.

У абласным камітэце прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя зазначылі, што разрастаньне раскі — гэта «нармальная прыродная зьява, на якую чалавек ня можа паўплываць».

«У гэтым нічога страшнага няма, — даводзіць супрацоўніца камітэту. — Раска разрастаецца ў залежнасьці ад умоваў надвор’я. Магчыма, у затоках, якія вышэй па Дняпры ад Магілёва, дзе вада больш застойная, у сьпякоту раска дужа разраслася. Пасьля дажджоў узровень вады ў затоках узьняўся, і яна пайшла ў Дняпро».

Паводле суразмоўніцы, магілёўцы ўжо скардзіліся эколягам на незвычайны колер вады. Спэцыялістка зазначае, што ў камітэце высьвятлялі прычыны зьяўленьня ў дняпроўскай вадзе зялёных разводаў. Пагрозаў ня выявілі. «Раска стварае цень, і некаторыя віды малькоў хаваюцца ў ёй», — адзначае супрацоўніца камітэту.

Тым часам старажылы не прыгадаюць, калі бачылі на Дняпры гэтулькі раскі. Адзначаюць яны і тое, што такой сьпёкі на іх памяці не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG