Паводле відавочцы, гэта адбылося на паўднёвым-захадзе Масквы ў раёне вуліцы Рэмізава, каля мэтро «Нагорная».
Раней раніцай 20 жніўня невядомыя вывесілі на шпілі сталінскай высоткі на Кацельніцкай набярэжнай украінскі жоўта-сіні сьцяг памерам 3 на 6 мэтраў і зафарбавалі сіняй фарбай верхавіну залацістай зоркі, якая вянчае шпіль будынку.
Па гарачых сьлядах паліцыя Масквы затрымала чацьвярых падазраваных: двух хлопцаў і двух дзяўчат. Яны адмаўляюць сваю віну.
«Два маладых чалавекі і дзьве дзяўчыны кажуць, што скокнулі з высотнага будынку з парашутамі. Ніякага сьцягу, па іх словах, яны ня вешалі і зорку не фарбавалі», – сказала крыніца ў праваахоўных органах расейскай сталіцы.
У прэс-службе паліцыі заявілі, што затрыманыя нібыта неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці.
У чацьвер стала вядома, што маскоўская паліцыя зьмяніла кваліфікацыю крымінальнай справы па факце разьмяшчэньня на будынку ў Маскве сьцяга Ўкраіны: з вандалізму на хуліганства. Цяпер затрыманым пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі, піша «Ўкраінская праўда».