У Магілёве абласная ўправа КДБ высьвятляе, як відэасюжэты мясцовых журналістаў трапляюць на тэлеканал «Белсат». Участковыя міліцыянты на запыт спэцслужбоўцаў апытваюць журналістаў, чые матэрыялы паказвалі на тэлеканале ў 2013 годзе.
У міліцыі пабываў фрылансэр Аляксандар Буракоў. Паводле ягоных слоў, супрацоўнікаў КДБ зацікавіў зроблены ім у жніўні 2013 году матэрыял пра ўмовы жыцьця жыхароў адной з магілёўскіх вуліц. Сюжэт называўся «Трушчобы».
«У матэрыялах праверкі, зробленай КДБ, было для міліцыянтаў напісана, каб яны адрэагавалі, бо выяўлена парушэньне мной артыкула „Праца на замежныя СМІ без акрэдытацыі“. Імя супрацоўніка КДБ, які праводзіў праверку, было замазанае маркерам», — кажа журналіст.
Аляксандар Буракоў зазначае, што супрацоўнікі КДБ вызначылі і апыталі ўсіх, хто фігураваў у ягоным сюжэце. «Ім паказвалі некалькі фотак, сярод якіх былі мая і апэратара Міхаіла Аршынскага. Людзі меліся прыгадаць, хто з тых, хто быў на фотках, зь імі гутарыў».
Журналіст мяркуе, што галоўную гераіню сюжэту выклікалі ў КДБ, бо ў матэрыялах справы ёсьць ейныя тлумачэньні.
Як кажа Аляксандар Буракоў, у сваіх тлумачэньнях міліцыі ён адзначыў, што не супрацоўнічае зь Белсатам і ня ведае, як ягоныя сюжэты трапілі ў праграму тэлеканалу. Пры гэтым прызнаў, што рабіў сюжэт «Трушчобы» для іншых недзяржаўных мэдыяў.
Аляксандар Буракоў адзначае: «Мяне дзівіць, што праверку КДБ рабіў летась, а ход справе даў толькі праз год».
Паводле журналіста, ягонага калегу Міхаіла Аршынскага сёньня таксама выклікалі ў міліцыю.