Віцебскі «лекар-праўдаруб» склаў зварот да кіраўніцтва КДБ Рэспублікі Беларусь пад назваю «Спыніць зьдзекі ды катаваньні над людзьмі і карупцыю».
Ён заклікае падпісаць зварот усіх, хто ня хоча мірыцца з такімі праявамі ў грамадзтве.
Пазнаёміцца з пэтыцыяй можна на «Сайце грамадзкіх пэтыцыяў».
Паводле Ігара Паснова, ён мае сьведчаньні пра факты зьдзеку, зьбіцьця і гвалту грамадзян Беларусі супрацоўнікамі міліцыі. Гэтай праблеме віцебскі лекар зьбіраўся прысьвяціць і адмысловую акцыю, якая плянавалася ў студзені гэтага году, але была забаронена віцебскімі ўладамі. Таму свае меркаваньні пра забарону акцыі Ігар Пасноў агучыў у адным са сваіх відэазваротаў да землякоў. Там ён прыгадвае і факты міліцэйскага гвалту, ад якога асобныя грамадзяне, жыхары Віцебску страцілі здароўе і нават жыцьцё.
Што да выступаў супраць карупцыі, то гэтым Ігар Пасноў займаецца ўжо даўно. Ён лічыць, што менавіта гэтая заганная зьява перашкаджае, у прыватнасьці, разьвіцьцю мэдычнай галіны вобласьці. Нягледзячы на тое, што старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец — сам мэдык паводле адукацыі. У мінулым Косінец быў і лекарам-практыкам, і рэктарам віцебскага мэдунівэрсытэту. Некалькі дзён таму Ігар Пасноў зьвярнуўся з адкрытым лістом да старшыні КДБ генерал-маёра Валерыя Вакульчыка, дзе просіць даць ацэнку дзейнасьці віцебскіх чыноўнікаў, паведамляе сайт www.freeregion.info.
У жніўні мінулага году, пасьля аднаго зь відэавыступаў, дзе Ігар Пасноў выказваўся супраць карупцыі і крытыкаваў дзейнасьць старшыні аблвыканкаму і стан мясцовых мэдычных установаў, «лекара-праўдаруба» гвалтам забралі з працы і накіравалі на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Гэтаму папярэднічалі пагрозы ад непасрэднага кіраўніцтва, што яго адправяць у «псыхушку» за «нетактоўныя паводзіны». Некалькі тыдняў Ігар Пасноў правёў у закрытай мэдычнай установе ў поўнай ізаляцыі — яму не адразу дазволілі нават сустрэчы з адвакатам.
Праваабаронцы заявілі пра парушэньні правоў Паснова на абарону ў судзе, які санкцыянаваў прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Дарэчы, незалежная псыхіятрычная экспэртыза засьведчыла, што стан здароўя Ігара Паснова не вымагаў ізаляцыі ў спэцустанове і прымусовага лекаваньня. Але абскардзіць рашэньне суду Віцебскага раёну ў беларускіх судовых інстанцыях «лекару-праўдарубу» не ўдалося, і ён накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Тым ягоны зварот прынялі да разгляду.