«Сыходжу ў адстаўку. Сорамна за дзеяньні ўрада. Прабачце,» — напісалі ад імя Мядзьведзева. Варта прыгадаць, што нядаўна прэм’ер звольніў высокага чыноўніка, які ў сацыяльнай сетцы выбачыўся за дзеяньні ўраду.
У іншым твіты хакеры ад імя прэм’ера, які захапляецца фатаграфіяй, заявілі, што ён «усё роўна стане вольным фатографам». У іншым паведамленьні Ілжэмядзьведзеў заявіў, зьвяртаючыся да «Вовы», што той «не мае рацыю».
«Можа лепш забараніць электрычнасьць? Абяцаю ў найбліжэйшы час урад падумае над гэтым. Але без мяне» — сказана ў іншым паведамленьні.
Таксама на старонцы Мядзьведзева зьявілася некалькі рэтвітаў паведамленьняў, у тым ліку аб просьбе кіраўніка «Раснафты» Ігара Сечына выдаць грошы яго кампаніі з-за санкцый з боку ЗША.
Пэрыядычна паведамленьні хакераў ад імя Мядзьведзева і рэтвіты выдаляюць, але хто гэта робіць — супрацоўнікі ўраду ці самі узломшчыкі — да канца незразумела. Адказнасьць за ўзлом старонкі Мядьзведзева ў сацыяльнай сетцы пакуль на сябе ніхто не ўзяў.
Агенцтву Інтэрфакс у прэсавай службе ўраду пацьвердзілі, што твітэр Мядзьведзева узламаны. Прадстаўнікі прэсавай службы заявілі, што ўсе апошнія заявы ад імя прэм’ера, зробленыя ў мікраблогу, не адпавядаюць рэчаіснасьці.
Ужо пасьля пацьверджаньня факту ўзлому хакеры ад імя Мядзьведзева пракамэнтавалі далучэньне Крыму да Расеі, папрасіўшы рэтвітнуць тэг #КрымНеНаш.
Праз 20 хвілін пасьля ўзлому адміністрацыя Твітэра закрыла доступ да старонкі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Апошнім дзеяньнем хакераў у мікраблогу прэм’ера стаў ретвіт наступнага паведамленьня: «Ва ўсім сьвеце са узламаных акаўнтаў палітыкаў пачынаюць пісаць трызьненьне, і толькі ў Расеі — праўду, якую ўсе так даўно чакалі».