ПАДЗЕІ ДНЯ
Менск. У дзень сьмерці народнага паэта Якуба Коласа на Вайсковых могілках адбудзецца памінальны мітынг і ўскладаньне кветак да магілы песьняра. Пачатак а 15.00.
Менск. У кнігарні «логвінаЎ» (пр. Незалежнасьці 37а) – прэзэнтацыя кнігі Альгерда Бахарэвіча «Ніякай літасьці Альгерду Б.» з удзелам аўтара. Пачатак а 20:00.
Менск. У прасторы ЦЭХ – дыскусія з удзелам беларускіх гісторыкаў і сацыёлягаў «Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэньня». Пачатак а 18.00.
Менск. У Літаратурным музэі Максіма Багдановіча – адкрыцьцё выставы лялек «Квінтэсэнцыя». Пачатак а 17.00.
Менск. У Лошыцкім парку – роварная экскурсія з прывідамі мінуўшчыны «Таямніцы Лошыцкага парку». Пачатак а 19:00.
Баранавічы. На базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту пройдзе Дзень адчыненых дзьвярэй на Рэспубліканскім лягеры-сэмінары па актыўнай рэабілітацыі інвалідаў-вазочнікаў. Пачатак азнаямленчай экскурсіі а 14.30.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ
1654 – пасьля працяглае аблогі горад Гомель быў захоплены казакамі Івана Залатарэнкі. Залатарэнка прывёў у Беларусь сваё 20-тысячнае войска пры падтрымцы маскоўскага цара. Для беларускіх гарадоў казачая навала несла спустошаньне і разбурэньне, а бясчынствы захопнікаў над мірным насельніцтвам пераўзыходзілі ў сваім дзікунстве самыя бесчалавечныя фантазіі.
1812 – нарадзіўся нямецкі бізнэсовец і вынаходнік Альфрэд Круп, на заводзе якога зроблены флагшток над сёньняшняй прэзыдэнтурай Беларусі.
1899 – нарадзіўся клясык амэрыканскіх фільмаў жаху Альфрэд Хічкок.
1913 — нарадзіўся беларускі кампазытар Анатоль Багатыроў, адзін з заснавальнікаў беларускай опэры. Сярод іншага, ён напісаў музыку для опэры «У пушчах Палесься», абапёртай на аповесьці «Дрыгва» Якуба Коласа (пастаноўка ў 1939).
1920 – у польска-савецкай вайне пачалася гэтак званая Варшаўская бітва, у якой польскія сілы пад камандаваньнем Юзэфа Пілсудзкага затрымалі бальшавікоў каля Варшавы, а потым разьбілі іх і прымусілі да адступленьня. Шэраг польскіх перамогаў, якія адбыліся пасьля Варшаўскай бітвы, прывялі да мірнай польска-савецкай дамовы 1921 году ў Рызе. У выніку гэтай дамовы Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы.
1926 – нарадзіўся камуністычны дыктатар Кубы Фідэль Кастра. Ён кіраваў краінай з 1959 па 2006 год, калі перастаў зьяўляцца на публіцы і перадаў свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы малодшаму брату Раўлю.
1942 – фашысты зьнішчылі Мірскае гета. Створана яно было на тэрыторыі славутага Мірскага замку. Пасьля таго, як акупанты загубілі паўтары тысячы мірскіх габрэяў, астатніх 850 чалавек сагналі ў замак. Некаторым вязьням удалося ўцячы ў лес, але большасьць людзей была расстраляная на месцы, у замку. Кіраваў расстрэлам нямецкі камэндант са зьдзеклівым прозьвішчам – Фэст.
1942 – нарадзіўся беларускі кінарэжысэр Вячаслаў Нікіфараў, які зьняў фільмы «Душа мая Марыя», «Фруза», «Ціхія троечнікі», «Бацькі і дзеці» ды іншыя.
1946 – памёр ангельскі пісьменьнік Гербэрт Уэлс.
1956 – пакінуў гэты сьвет народны паэт Беларусі Якуб Колас. На разьвітаньне з клясыкам у менскі Палац прафсаюзаў прыйшлі дзясяткі тысяч людзей.
Пачатак славутай Коласавай «Новай зямлі»:
Мой родны кут, як ты мне мiлы!..
Забыць цябе ня маю сiлы!
Ня раз, утомлены дарогай,
Жыцьцём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
I там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцьця па парадку
Прайсьцi яшчэ раз, азiрнуцца,
Сабраць з дарог каменьнi тыя,
Што губяць сiлы маладыя,
К вясьне б маёй хацеў вярнуцца.
З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА
Адной левай. У 1992 годзе ўпершыню быў афіцыйна адзначаны Міжнародны дзень леўшуна