Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь гатовая накарміць Расею айчыннымі бананамі і васьміногамі


13 жніўня ў Маскве віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Міхаіл Русы абмяркуе зь віцэ-прэм’ерам Расеі Аркадзем Дварковічам, а таксама з прадстаўнікамі Расспажыўнагляду пытаньні паставак беларускіх харчоў.

Але якія харчы можна лічыць беларускімі?

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за 5 месяцаў 2014 году зь Беларусі ў Расею пастаўлена лімонаў на 1,7 мільёна даляраў, бананаў — на 183 тысячы, ананасаў — на 37 тысяч, арэхаў (бразыльскіх, кеш’ю і міндалю) — на 1,8 мільёна, мідыяў — на 792 тысячы, васьміногаў — на 449 тысяч даляраў.

Вядома, што экзатычная садавіна ў Беларусі не расьце, а пералічаныя морапрадукты ў беларускіх рэках і азёрах ня водзяцца.

У беларускіх крамах таксама можна сустрэць тавары зь дзіўнымі краінамі паходжаньня: у гіпэрмаркеце «Гіпа», да прыкладу, прадаюцца нэктарыны і пэрсікі зь Літвы.

На просьбу Радыё Свабода патлумачыць, што трэба зрабіць з таварам, каб памянялася краіна ягонага паходжаньня, прэсавы сакратар Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Канстанцін Галамідаў параіў напісаць афіцыйны запыт на імя старшыні ДМК спадара Шпілеўскага.

Таму мы паспрабавалі пракансультавацца з эканамістамі. Міхал Залескі кажа:

«Гэта гульні з так званай „ТН“ зьнешнеэканамічнай дзейнасьці — гандлёвай намэнклятурай. Ёсьць такі дакумэнт, і там пералічана ўсё, што ёсьць на сьвеце».

Паводле лёгікі, калі прадукт быў імпартаваны і прайшоў апрацоўку ў Беларусі, ён можа лічыцца ўжо айчынным, мяркуе Міхал Залескі. Гэта можа тычыцца, у прыватнасьці, морапрадуктаў:

«Прывезьлі замарожаныя, іх размарозілі, пачысьцілі, упакавалі ў слоікі — і атрымаўся «Санта Брэмар».

Карэспандэнтка: «А бананы, лімоны?»

«Тут я ня ведаю... Хіба што іх прывезьлі зялёнымі, яны тут ляжалі, пакуль не пажаўцелі... Проста можна пасьмяяцца, пасьцябацца. Бо рацыянальнага тлумачэньня гэтаму няма».

Прыведзеная Белстатам статыстыка па экзатычнай садавіне — гэта статыстыка не беларускіх лімонаў, бананаў альбо ананасаў, тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы:

«Гэта пастаўкі, паводле дадзеных нашага Мытнага камітэту, тавараў зь беларускай тэрыторыі на тэрыторыю Расеі. Гэта тавары ўвезеныя. То бок гэта могуць быць, да прыкладу, эквадорскія бананы, але ўвезеныя на тэрыторыю Беларусі, размытненыя тут. У сілу таго, што Расея, Беларусь і Казахстан утвараюць Эўразійскі эканамічны саюз, далей паміж імі ніякіх межаў няма. Гэты тавар становіцца таварам Мытнага саюзу і свабодна перасоўваецца па тэрыторыі ўсяго Эўразійскага саюзу. Строга кажучы, гэта ня наш экспарт. Гэта імпарт у Мытны саюз.

І няма ніякай законнай перашкоды для пастаўкі тых жа забароненых у Расеі тавараў з краінаў, якія падтрымалі санкцыі супраць РФ, празь Беларусь альбо Казахстан. Калі б гэта былі фітасанітарныя абмежаваньні (як раней звычайна рабілася спадаром Анішчанкам, а цяпер Расспажыўнаглядам), то гэтыя нормы былі б агульныя для трох краінаў. То бок, калі б Расеі ўдалося даказаць, што гэта тавары шкодныя, тады і мы павінны былі б абмежаваць іх на сваёй тэрыторыі. У сілу таго, што гэта палітычная забарона, нацыянальная забарона, якая ня тычыцца больш нікога, гэта ніяк не абмяжоўвае імпарт пэўных тавараў, як ужо сказаў Дзяржаўны мытны камітэт. А далей няма ніякіх законных спосабаў спыніць гэтыя тавары пры перасячэньні мяжы Беларусі і Расеі, акрамя нашай добрай волі».

Пра добрую волю і выкананьне сваіх абавязаньняў што да абароны рынку Саюзнай дзяржавы пры транзыце праз сваю тэрыторыю ў Расею заявіў і Аляксандар Лукашэнка:

«Калі Расея закрыла свой рынак для пэўных тавараў, то мы гэтыя тавары транзытам празь Беларусь прапускаць не павінны».

У той жа час Беларусь па-ранейшаму зможа пастаўляць у Расею харчаваньне, вырабленае ўнутры краіны з выкарыстаньнем імпартнай сыравіны, сказаў прадстаўнік Беларусі ў Эўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Румас.

То бок, калі каўбаса вырабленая на беларускім мясакамбінаце з польскага мяса, яна лічыцца ўжо беларускім прадуктам і можа пастаўляцца ў Расею. Тое самае і, да прыкладу, з нарвэскай рыбай, зь якой у Беларусі зрабілі філе. А філе ласося будзе лічыцца таксама беларускім прадуктам, сьцьвярджае эканаміст Сяргей Чалы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG