Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-pop: Чаму яны як Крым не адбяруць? І спынілі бы вайну


«Ці магчымай была б вайна на паўднёвым усходзе Украіны, калі б сэпаратыстаў не падтрымлівала Расея? Як бы вы паставіліся да таго, калі б Расея ўвяла туды свае войскі?»

Спадар сярэдняга веку: «Калі б Расея не падтрымлівала сэпаратыстаў, вайна была б усёроўна і адназначна. Бо іх справакаваў захад Украіны. А ўвядзеньне войскаў немагчыма. Я нават такой сытуацыі не ўяўляю, бо я ня бачу агрэсыўнасьці ў гэтых людзях, а вось у заходняй Украіне бачу».

Юначка: «Цяжка сказаць што там увогуле адбываецца, бо ідзе інфармацыйная вайна таксама. З аднаго боку Расея кажа адно, Украіна іншае, а нам са свайго гледжаньня цяжка разабрацца дзе там праўда. І што там насамрэч — цяжка сказаць».

Юнак: «Войскі туды ўжо ня ўвойдуць, бо не дазволяць ні палітычна, ніяк. А што тычыцца падтрымкі — складанае пытаньне. Бо ніхто праўды ня ведае. У тым сэнсе, што праўда — не для народу».

Спадарыня сярэдняга веку: «Канечне, войскі могуць быць уведзеныя пры падтрымцы Расеі. А як я да гэтага стаўлюся? У мяне двое дзяцей — ну як я магу да гэтага ставіцца? Адмоўна, канечне. Мне шкада вельмі простых людзей, якія гінуць. З-за палітыкі, якою займаюцца высокія чыноўнікі».

Грамадзянін Расеі: «Ды яны самі паміж сабой ваююць. Парашэнка..... акрамя мацюкоў цяжка сказаць... Гэтак жа нельга людзей забіваць, простых людзей, вось як мы з вамі. Пры гэтым усё звальваць на нас, на Расею — нельга так. А войскі туды ня ўвойдуць, бо гэта ня мы ваюем, а яны сваіх людзей забіваюць.

Спадарыня сярэдняга веку: «Ня ведаю, але я падтрымліваю расейскую пазыцыю ва Украіне. Я іншы раз нават думаю — адабралі бы, як Крым, ды і спынілі бы вайну. Вельмі страшна, калі б войскі былі ўведзеныя. Гэта трэба толькі дамаўляцца, а яны дамаўляцца, пэўна, не жадаюць».

Іншы спадар сярэдняга веку: «Я ня думаю, што расейскія войскі будуць уведзеныя га усход Украіны. Занадта шмат тут замешана ўсяго, занадта складана. Гэтак адкрыта Расея падтрымліваць ня будзе і пытаньне толькі ў тым, як доўга будзе прыхавана падтрымліваць».

Юнак: «Лепш бы было, каб Украіна ішла сваім шляхам, каб ня ўмешвалася з дапамогай ні Расея, ні ЗША, ні хто іншы. Для Украіны гэта было б найлепш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG