У магілёўскай турме трымаюць палітвязьня Яўгена Васьковіча, асуджанага на 7 гадоў за хуліганскія дзеяньні адносна будынку КДБ ў Бабруйску. За час адседкі Васьковіча неаднаразова кідалі ў карцэр. Што вядома пра умовы, ў якіх знаходзіцца цяпер Яўген Васьковіч? Маці палітвязьня Рушанія Васьковіч ведае пра гэта ня шмат.
«Званку ад яго больш за месяц ужо няма. Нібыта ўсё нармальна. Хлопец, які зь ім сядзеў, гэтак сказаў, калі званіў. А там хто ведае, як насамрэч. Нібыта ён зараз не ў карцэры, сядзіць у камэры разам з яшчэ трыма вязьнямі. Там усё ж крыху лягчэй, бо няшмат людзей. А больш нічога няма».
З ранейшых паведамленьняў вядома, што Яўген Васьковіч ў турме моцна схуднеў, але не зламаўся маральна і па-ранейшаму адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Палітвязьню дазволенае толькі адно спатканьне на год. Апошні раз Яўген бачыў маці сёлета ў студзені, наступнае спатканьне — ў студзені 2015 году.