Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскага мэдыя-алігарха спрабуюць адсудзіць мільёны


Міхаіл Лесін у кастрычніку 2013 году
Міхаіл Лесін у кастрычніку 2013 году

Супраць Міхаіла Лесіна, кіраўніка расейскай кампаніі «Газпром-Медиа Холдинг» і былога дарадцы прэзыдэнта Пуціна, падалі два судовыя пазовы ў ЗША, вінавацячы яго ў парушэньні працоўнага заканадаўства.

Былыя супрацоўніцы амэрыканскай карпарацыі Dastel, якой валодае Міхаіл Лесін, заяўляюць пра сваё незаконнае звальненьне і пра шэраг іншых парушэньняў з боку кампаніі, патрабуючы шматмільённай кампэнсацыі.

Карпарацыя Dastel была зарэгістраваная ў ліпені 2011 году, і Лесін зьяўляецца адзіным яе уладальнікам, маючы 100 тысяч акцый. Dastel валодае двума дамамі ў Лос-Анджэлесе, якія ацэньваюцца на 28 мільёнаў даляраў і ў якіх жыве сям’я Лесіна, а таксама яшчэ двума будынкамі непадалёк. Паводле рэгістрацыйных і судовых дакумэнтаў, гэтыя будынкі таксама зьвязаныя зь яго сваякамі.

На мінулым тыдні амэрыканскі сэнатар ад Рэспубліканскай партыі Роджэр Уікер зьвярнуўся ў міністэрства юстыцыі ЗША з запытам на расьсьледаваньне — ці не выкарыстоўваў Лесін «брудныя» грошы для набыцьця гэтай нерухомасьці.

Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін і Міхаіл Лесін, які тады быў міністрам, у Сочы ў верасьні 2002 году
Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін і Міхаіл Лесін, які тады быў міністрам, у Сочы ў верасьні 2002 году

Нянечка і хатняя работніца супраць былога дарадцы Пуціна

56-гадовы Лесін з 1999 па 2004 год быў міністрам па справах друку, тэлерадыёвяшчаньня і сродкаў масавай камунікацыі, і адыграў ключавую ролю ў пераходзе незалежнага тэлеканалу НТВ пад кантроль дзяржавы. Потым, з 2004 па 2009 год, быў дарадцам прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Менавіта Лесін стаў ініцыятарам стварэньне англамоўнага расейскага тэлеканалу Russia Today. Цяпер ён генэральны дырэктар кампаніі «Газпром-Медиа Холдинг», сярод актываў якой і тэлекампанія НТВ.

Амэрыканская кампанія Лесіна Dastel названая ў якасьці адказчыка ў двух асобных пазовах былых супрацоўніц, а ў адным з гэтых пазоваў адказчыкам таксама зьяўляецца асабіста Лесін разам з жонкай, сынам, і нявесткай.

Пазоўнікі абвінавачваюць свайго былога працадаўцу ў нявыплаце зарабку, а таксама ў дыскрымінацыі і перасьледзе.

Тэса Ўэзэрбі, былая нянечка ў сям’і сына і нявесткі Лесіна, сьцьвярджае, што яе звольнілі таму, што яна паскардзілася ў адмысловыя службы на гвалт, які чынілі супраць сваіх дзяцей Антон і Кэрал Лесіны. Уэзэрбі таксама заяўляе, што Лесіны рабілі зьняважлівыя камэнтары з нагоды яе амэрыканскага грамадзянства, індзейскага паходжаньня і хрысьціянскай веры. Акрамя таго, паводле Ўэзэрбі, Dastel незаконна выкарыстоўвае свой ​статус карпарацыі каб фінансаваць прыватныя выдаткі.

Dastel і Лесіны адмаўляюць усе абвінавачваньні Ўэзэрбі, якая патрабуе ад іх 5 мільёнаў даляраў кампэнсацыі.

У іншым судовым пазове Марціна Лэндзіс, якая была хатняй работніцай ў сям’і Лесіных, патрабуе 1 мільён даляраў кампэнсацыі за меркаваныя парушэньні працоўнага заканадаўства. У судовых дакумэнтах, Лэндзіс таксама сьцьвярджае, што Dastel зьяўляецца «карпаратыўным альтэр эга», якое выкарыстоўваецца для асабістых выдаткаў і незаконных падатковых ільготаў.

Адвакаты і прадстаўнікі кампаніі Dastel не адказалі на звароты Радыё Свабода з просьбай аб камэнтары.

Пуцін і Лесін наведваюць офіс кампаніі Russia Today у лютым 2009 году. У цэнтры галоўны рэдактар тэлеканалу Маргарыта Сіманян
Пуцін і Лесін наведваюць офіс кампаніі Russia Today у лютым 2009 году. У цэнтры галоўны рэдактар тэлеканалу Маргарыта Сіманян

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG