Судовая калегія менскага гарадзкога суду адклала разгляд касацыйнай скаргі грамадзкай арганізацыі «Хрысьціянская злучнасьць Курапаты» на рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску.
Суд першаснай інстанцыі адмовіў заяўнікам у задавальненьні пазову да генпракуратуры. Актывісты злучнасьці праз суд дамагаюцца абавязаць генпракуратуру прыняць меры для выкананьня сваёй жа пастановы, якая вымагае забудоўнікаў забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» зьнесці чатыры дамы, узьведзеныя ў ахоўнай зоне мэмарыяльнага комплексу «Курапаты».
Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Іван Майсейчык адмовіў у задавальненьні пазову 27 чэрвеня 2014 году. Актывісты «Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты» зьвярнуліся ў Менскі гарсуд з просьбай адмяніць рашэньне і накіраваць справу на новы разгляд.
Калегія Менскага гарсуду выслухала аргумэнты заяўнікаў, сярод якіх вядомыя грамадзкія актывісты Вінцук Вячорка, Вацлаў Арэшка, Марат Гаравы, і адклала разгляд справы да 21 жніўня. У судзе гэта патлумачылі тым, што на паседжаньне не зьявіліся прадстаўнікі адказчыка, а таксама Менаблвыканкаму і міністэрства культуры, якія таксама мусяць быць заслуханыя падчас працэсу.
Паводле заяўнікаў, гэта першы судовы працэс у абарону Курапатаў, які мае стаць пачаткам шэрагу іншых судовых працэсаў супраць іншых дзяржаўных структур, арганізацый і міністэрстваў.