Актывісты Хрысьціянскай злучнасьці «Курапаты» дамагаліся, каб суд абавязаў Генэральную пракуратуру прыняць меры для выканьня свайго ж распараджэньня. У ім вялася гаворка пра тое, каб з ахоўнай зоны Курапатаў былі прыбраныя чатыры дамы, якія належаць забаўляльна-гатэльнаму комплексу «Бульбаш-хол». Пракуратура вынесла гэтую пастанову яшчэ ў 2012 годзе на падставе рашэньня дзяржаўных органаў улады, але яно не было выкананае.
Прысутныя ў судзе прадстаўнікі адказчыка — Генэральнай пракуратуры, а таксама Менскага аблвыканкаму, Міністэрства культуры, Управы лесапаркавай гаспадаркі мусілі прызнаць факт незаконнага будаўніцтва на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. Адначасна чыноўнікі ня мелі пэўнага адказу: чаму парушэньні дзейнага заканадаўства ня выпраўленыя і чаму пабудовы да гэтага часу не прыбраныя з ахоўнай зоны.
У рашэньні суду гаворыцца, што распараджэньне Генэральнай пракуратуры застаецца правамоцным і знаходзіцца ў стадыі выкананьня. Менавіта на гэтай падставе было адмоўлена ў задавальненьні пазову.
Заяўнікі ня згодныя з такім рашэньнем суду Цэнтральнага раёну Менску. Паводле іх словаў, рашэньне незаконнае. Яны лічаць, што чыноўнікі адміністрацыйных структураў, у тым ліку суду і пракуратуры, ухіляюцца ад выкананьня сваіх абавязкаў кантраляваць захаваньне законнасьці, і маюць намер абскардзіць гэтае рашэньне ў судзе вышэйшай інстанцыі. Адзін з заяўнікаў, Марат Гаравы, камэнтуючы судовае рашэньне сказаў: «Гэтае рашэньне сьведчыць пра дэградацыю беларускай дзяржавы, у якой суд мае абавязкі не выконваць закон, а пакрываць беззаконьне».
Справа, датычная Курапатаў, разглядаецца ў судзе ўпершыню. Яе ініцыятары плянуюць і сэрыю наступных працэсаў, у прыватнасьці, зьбіраюцца падаць пазоў супраць Міністэрства культуры. Яны лічаць, што дзяржава кінула Курапаты на волю лёсу, і помнік застаецца неабароненым.