Паводле дадзеных «Левада-цэнтра», якія паступілі ў агенцтва Інтэрфакс, дзейнасьць Пуціна на пасадзе кіраўніка дзяржавы ўхваляюць 87% апытаных расейцаў, у студзені паказчык складаў 65%.
Дзейнасьць Дзьмітрыя Мядзьведзева ў якасьці кіраўніка ўраду ўхваляе 71% апытаных, у студзені такіх было 48%.
Сацыёлягі паведамляюць таксама аб новым піку антызаходніх настрояў у Расеі. Вынікі ліпеньскага апытаньня кажуць аб значным пагаршэньні адносінаў ня толькі да ЗША, але і да Эўропы. Як распавёў дырэктар «Левада-цэнтру» Леў Гудкоў, 74% апытаных выказалі сваё дрэннае і вельмі дрэннае стаўленьне да ЗША – гэта самы высокі паказчык за апошнія 20 гадоў. Да краінаў Эўропы нэгатыўна ставяцца 60% рэспандэнтаў.
Горш сталі ставіцца расейцы і да Ўкраіны – 55% апытаных адгукнуліся пра яе нэгатыўна, што на 6% больш, чым два месяцы таму. Дзьве траціны рэспандэнтаў лічаць, што ў пагаршэньні адносінаў паміж Расіяй і Ўкраінай вінаватыя ўкраінскія ўлады.
Сацыёлягі адзначаюць, што меркаваньне расейцаў фармуецца ў асноўным сродкамі масавай інфармацыі – больш за палову апытаных прызналіся, што ня могуць самі разабрацца ў сытуацыі.