Чыноўнікі Менгарвыканкаму намагаюцца мацней караць вулічных гандляроў, каб зьнішчыць у горадзе стыхійныя рынкі. Гандляры-нелегалы кажуць, што мусяць падпрацоўваць на вуліцах, бо ня могуць пражыць на свае пэнсіі. А паводле адмыслоўцаў, нелегальны вулічны гандаль адлюстроўвае рэальны стан рынкавай эканомікі Беларусі.
Штраф ад 5 да 10 базавых велічыняў — такую меру адказнасьці за вулічны гандаль прапаноўвае замацаваць на заканадаўчым узроўні ўправа гандлю Менгарвыканкаму. Змаганьне зь несанкцыянаванымі міні-рынкамі вядзецца розным чынам ня першы год. Прычынаў для гэтага некалькі, кажа кіраўніца ўправы Ніна Емяльянава:
«Галоўнае — гэта бясьпека тавараў, якія прадаюцца насельніцтву ў Менску. Бо мы ня можам гарантаваць бясьпеку харчовых тавараў, якія прадаюцца на гэтых несанкцыянаваных рынках. Гэта таксама і сыравіннае абарачэньне: гэтыя людзі гандлююць на вуліцах неафіцыйна і ня плацяць падаткаў. Гэта таксама мінус эканоміцы гораду».
Паводле Ніны Емяльянавай, у Менску каля 20 пунктаў вулічнага гандлю, і найперш павінен быць ліквідаваны стыхійны рынак каля станцыі мэтро «Каменная горка», што ў заходняй частцы Менску. Аднак і ў самым цэнтры сталіцы гандляры-нелегалы штодня наладжваюць міні-рынкі, выстройваючыся ўздоўж ходнікаў мэтро да Камароўскага рынку. Гандлююць адзеньнем, дробнымі пабытовымі прыладамі, садавіной і гароднінай. У пераважнай бальшыні стаяць тут пэнсіянэры, каб зарабіць невялікі дадатак да пэнсіі. Размаўляю з так званымі гандлярамі-нелегаламі:
Галоўнае — гэта бясьпека тавараў, якія прадаюцца насельніцтву ў Менску. Бо мы ня можам гарантаваць бясьпеку харчовых тавараў, якія прадаюцца на гэтых несанкцыянаваных рынках
Прадавачка-пэнсіянэрка: «Мы прадаём свой тавар, са свайго гарода. І чаму гэтага нельга зрабіць, асабліва пэнсіянэру?»
Карэспандэнтка: «Чыноўнікі заяўляюць, што можна прадаць на рынку, стаўшы ў звычайныя рады».
Прадавачка-пэнсіянэрка: «Мы шмат не вязём на продаж. А стаць на рынку — гэта значыць заплаціць 20 тысяч, то нічога і не застанецца».
Карэспандэнтка: «Кажуць, што ваша гародніна прадаецца бескантрольна і можа быць дрэннай для чалавека».
Прадавачка-пэнсіянэрка: «Наша гародніна ня можа быць дрэннай, бо вырашчаная тут, у роднай Беларусі — на адной зямлі ўсё расьце. Калі на рынку яна добрая, то чаму ў нас яна павінна быць дрэннай?»
Карэспандэнтка: «А што вы прадаяцё?»
Пэнсіянэр-гандляр: «Шчаўе — з бабцяй сваёй назьбіралі. Ну, правільна, можна пайсьці стаць на рынку і стаяць там, бо чалавек будзе доўга шукаць, і ці знойдзе яшчэ. А тут — я стаў, дзе людзей больш, і хутка прадаў. І чалавек таксама задаволены — яшчэ па дарозе на рынак набывае, што яму трэба».
Іншая прадавачка-пэнсіянэрка: «Я вырасьціла гуркі і памідоры на сваім гародзе. Шмат слоікаў ужо закатала. А гэта — лішняе, і хачу гэта прадаць, бо маёй пэнсіі на жыцьцё не хапае».
Пэнсіянэрка: «Я са свайго ўласнага гарода прывезла вядзерца ажынаў і гуркоў 3–4 кіляграмы, я ніякая не гандлярка. Калі я пайду на рынак стану, то вось за гэта мушу заплаціць 20 тысяч — я тры пакеты малака куплю».
Я са свайго ўласнага гарода прывезла вядзерца ажынаў і гуркоў 3–4 кіляграмы, я ніякая не гандлярка. Калі я пайду на рынак стану, то вось за гэта мушу заплаціць 20 тысяч
Карэспандэнтка: «Для вас гэта што — дадатак да пэнсіі?»
Пэнсіянэрка: «Ну вядома, я раблю рамонт — мушу шмат выдаткоўваць, камунальныя, харчуюся таксама — усё мушу набываць».
Карэспандэнтка: «А ў вас набываюць?»
Пэнсіянэрка: «Так, набываюць, вядома».
Кіраўніцтва ўправы гандлю Менгарвыканкаму не прапаноўвае ніякіх іншых сродкаў змаганьня з вулічным гандлем, акрамя карных. Але ж стыхійныя рынкі існуюць таму, што яны запатрабаваныя ў менчукоў. І гэты факт адлюстроўвае матэрыяльнае становішча значнай часткі насельніцтва і эканамічную сытуацыю ў краіне агулам, кажа адзін з актывістаў прадпрымальніцкага руху, сябра руху «За свабоду» Аляксандар Таўстыка:
«Калі з пазыцыі звычайнага пакупніка, то цягам майго жыцьця стыхійныя рынкі толькі павялічваліся і пашыраліся. Бо на стыхійных рынках людзі з самым нізкім сацыяльным забесьпячэньнем: бабулі, якія нешта прадаюць са сваіх гародаў, ці разавыя рэчы, каб пражыць дзень-два. І стыхійныя рынкі — гэта індыкатар, што ніякага рынку ў Беларусі няма. Як вырашыць гэтае пытаньне? Усё ж не зьнішчаць рынкі, а ствараць людзям магчымасьць свабоднага продажу. Бо існуюць жа інтэрнэт-крамы. Бабця ня можа скарыстацца інтэрнэтам, і яна ідзе ў цэнтар, дзе больш людзей, каб нешта прадаць, бо трэба за нешта жыць».