Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Human Rights Watch: Сэпаратысты на ўсходзе Ўкраіны ваююць з мэдыкамі


Сэпаратысты на ўсходзе Ўкраіны пагражаюць мэдыкам, рабуюць і зьнішчаюць мэдычнае абсталяваньне ў шпіталях і ставяць пад пагрозу магчымасьць атрыманьня цывільным насельніцтвам мэдычнай дапамогі. Пра гэта заявіла ў аўторак міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch (HRW).

«Напады прарасейскіх ваеўнікоў на мэдычны пэрсанал ўяўляюць пагрозу для хворых і тых, хто пра іх клапоціцца. Гэта жудаснае грэбаваньне хворымі і параненымі, якое павінна быць неадкладна спыненае» — заявіла прадстаўніца HRW па Эўропе і Цэнтральнай Азіі Юлія Гарбунова.

Экспэрты Human Rights Watch таксама паведамляюць аб захопе аўтамабіляў хуткай дапамогі і выкарыстаньня іх ва ўласных мэтах. Гаворка ідзе пра прынамсі 4 такія факты.

«З-за ўжываньня зброі загінулі прынамсі двое мэдычных супрацоўнікаў. Неабходна правесьці расьсьледаваньне, каб вызначыць адказных за трагедыю, — паведамляюць экспэрты арганізацыі, дадаючы, што ваеўнікі таксама выкрадаюць мэдыкаў для аказаньня дапамогі іх параненым байцам. Адпаведныя выпадкі былі зафіксаваныя ў шпіталі Калініна ў Данецку і Ленінскім шпіталі ў Славянску.

«З чэрвеня 2014 году артылерыйскія снарады і не кіраваныя ракеты патрапілі прынамсі ў 5 шпіталяў на ўсходзе Ўкраіны», — гаворыцца ў дакладзе.

«Кіраўніцтва ўзброеных груповак, зьвязаных з самаабвешчанымі Данецкай народнай рэспублікай і Луганскай народнай рэспублікай, маюць прыцягнуць падпарадкаваных ім асобаў да адказнасьці за злоўжываньні ў дачыненьні да мэдычнага пэрсаналу, аб’ектаў і пацыентаў», — адзначае Human Rights Watch.

Арганізацыя падкрэсьлівае, што замах на жыцьцё мэдыкаў і хворых падчас ваенных канфліктаў зьяўляецца грубым парушэньнем нормаў міжнароднага заканадаўства.

Паводле зьвестак упраўленьня вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, зь сярэдзіны красавіка і да канца ліпеня на ўсходзе Ўкраіны былі забітыя сотні чалавек, больш за тысячу параненыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG