Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўзяўся за лецішчы


Лецішча, ілюстрацыйнае фота
Лецішча, ілюстрацыйнае фота

Распараджэньнем кіраўніка краіны ад 1 студзеня наступнага году ў прыгараднай зоне Менску і абласных цэнтраў забаронена ствараць новыя садовыя таварыствы і каапэратывы.

Прадаваць свае лецішчы гаспадары змогуць толькі пасьля пяці гадоў, як атрымаюць на іх права ўласнасьці.

Новае распараджэньне кіраўніка краіны, якім уводзяцца новыя ўмовы працы садовых таварыстваў, было падпісанае ў панядзелак. Але чыноўнікі зямельных службаў Менскага раёну і вобласьці адмаўляюцца яго камэнтаваць, спасылаючыся на тое, што яшчэ не атрымалі дакумэнту. У садовых таварыствах Менскага раёну таксама ўстрымліваюцца ад камэнтароў, але ахвотна распавядаюць пра іншыя свае шматлікія праблемы. У прыватнасьці, вось што кажа старшыня садовага таварыства «Навука», што пад Раўбічамі, Генадзь Васільевіч:

«Чорт яго ведае... Хтосьці ж гэта рыхтаваў — думаў нешта. Тут у мяне праблема з вадой — вось гэта праблема. Тым больш, калі падыходзіць па-дзяржаўнаму, то вось мы заключылі дамову на вываз сьмецьця. А побач — катэджны пасёлак, дык яны, нягоднікі, прывозяць сваё сьмецьце і выкідаюць у нашы кантэйнэры — вось гэта праблема для мяне».

Паводле новага распараджэньня кіраўніка краіны, прадаць сваё лецішча цяпер можна будзе толькі празь пяць гадоў пасьля набыцьця ва ўласнасьць.

З праблемамі, якія гаспадарам лецішчаў стварае дзяржава, адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў пазнаёміўся, калі адстойваў правы дачнікаў у зьвязку з будоўляй кітайскага тэхнапарку пад Менскам. Ён кажа, што чарговым наступам на садовыя таварыствы дзяржава яшчэ раз падкрэсьлівае, хто на зямлі сапраўдны гаспадар:

«Па-першае, пакуль уласьнік зямлі ў Беларусі — дзяржава, з нашымі правамі на зямлю будуць абыходзіцца гэтак, як пажадае дзяржава дзеля сваіх інтарэсаў. І пакуль людзі не імкнуцца стаць гаспадарамі таго, што маюць, яны павінны быць гатовыя, што тое, што ім падаецца ўласнасьцю, дзяржава разумее як падарунак, які яна можа забраць у любы момант. Па-другое, сёньня дзяржава спрабуе рэгуляваць усе сфэры жыцьця і дзейнасьці чалавека. Праз такія захады дзяржава паказвае, што гэта яна будзе вырашаць, што і як мы будзем набываць, прадаваць і апрацоўваць, а людзі — толькі матэрыял для яе рашэньняў. Я ня ведаю, чым кіраваліся чыноўнікі, якія прыдумлялі гэты дакумэнт, але мне падаецца, што ім лепш за ўсё было б зьвярнуць увагу на тое, як сама дзяржава пераразьмяркоўвае землі, калі зьяўляецца магчымасьць будаваць там, дзе нельга будаваць. Да прыкладу, будоўля таго ж кітайскага тэхнапарку. І гэта зноў адбываецца праз тое, што дзяржава — уладальнік усяго, а чалавек не валодае нічым, няма гаспадара ў Беларусі».

Андрэй Дзьмітрыеў пры гэтым падтрымаў ідэю забараніць новыя садовыя таварыствы каля Менску і абласных цэнтраў, а ствараць годныя ўмовы для тых, хто ўжо там жыве, і адпаведна парадкаваць гарады-спадарожнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG