З-за бесьперапынных абстрэлаў работнікі камунальных службаў ня ў стане падтрымліваць нават самыя неабходныя аб’екты жыцьцезабесьпячэньня, гаворыцца ў паведамленьні на сайце Луганскай гарадзкой рады.
Паводле дадзеных уладаў, прадукты харчаваньня ў горадзе практычна скончыліся, востра стаіць праблема недахопу мэдыкамэнтаў, працуе толькі некалькі аптэк. Часткова разбураныя чатыры гарадзкія шпіталі і тры паліклінікі, у якіх знаходзіліся на лячэньні, у тым ліку параненыя і пацярпелыя пры абстрэлах мірныя жыхары, перадае УНІАН.
За час працы «зялёнага калідора» з Луганску зону антытэрарыстычнай апэрацыі пакінулі 1-2 тыс чалавек.
Пра гэта ў эфіры тэлеканала «112 Украіна» заявіў намесьнік дырэктара дэпартамэнту Луганскай гарадзкой рады па пытаньнях унутранай і інфармацыйнай палітыкі Аляксандар Савенка.
У Луганску на сёньня застаюцца каля 250 тысяч жыхароў. У асноўным, гэта пэнсіянэры і сем’і з дзецьмі, у якіх няма сродкаў, каб зьехаць з гораду.