Да нядаўняга часу 54-гадовая Валянціна жыла зь сям’ёй у невялікім гарадку Сьвярдлоўску на ўсходзе Луганскай вобласьці. У Гомель прыехала праз расейскі лягер уцекачоў — з мужам, сынам і сям’ёй дачкі, у якой чацьвёра малых дзяцей. Усіх разам — 9 душ:
«Такая сытуацыя. На ўскрайку гораду выбухі пачаліся — сталі ўжо снарады кідаць. Мой сын, можна сказаць, двойчы езьдзіў пад аўтаматамі на шахту. У мяне ўсе мужчыны — шахцёры. Муж у мяне 30 гадоў на шахце рабіў. Ён на пэнсіі, але рабіў. І першы муж, які памер, дваццаць пяць з паловай гадоў непасрэдна ў шахце рабіў — камбайнэрам. Сыну толькі 23 гады — нявеста забрала яго ў Арол да сваякоў, а ў яго ўжо пяць гадоў шахцёрскага стажу. Малодшы сын, які са мною прыехаў, трэці год рабіў на шахце. І зяць таксама быў шахцёрам. У нас управу закрылі — сама была хатняю гаспадыняй. У нас жанчыне вельмі складана ўладкавацца, бо асабліва й няма куды».
Кабета кажа, што прыехала ў Беларусь таму, што яе дачка й два сыны ад першага мужа — напалову беларусы: муж быў родам з Акцябрскага раёну:
«У Расеі ў мяне нікога не засталося, а тут сваякі мужа ёсьць, хоць і далёкія. Можа, будзе прасьцей маім дзецям. Як мне сказалі, паколькі яны напалову беларусы, ім будзе лягчэй від на жыхарства атрымаць. Таму я іх сюды й прывезла».
Зь Сьвярдлоўску сям’я Валянціны выбіралася ў Расею праз гуманітарны калідор:
«„Апалчэнцы“ зрабілі калідор. Жанчын, дзяцей, усіх хто ехаў, выпусьцілі. Нашы хлопцы-„апалчэнцы“ стаяць на нашай мяжы. У Расеі мы запоўнілі міграцыйныя карты. І потым хлопцы-валянтэры адвезьлі на сваіх машынах у палатачны гарадок у Гукава. Гэта ў Расеі. Нас там паставілі на харчовае забесьпячэньне. Там мы два дні жылі. Нас кармілі. Там было ўсё, што трэба — гуманітарка і ўсё такое. Жанчыны-валянтэры гатавалі ежу. Добра прынялі. Нам усе спачуваюць. Вайна — гэта вельмі складана, гэта цяжка. Потым нас супрацоўнікі расейскага МНС пасадзілі ў верталёт і завезьлі ў Растоў».
Калі ў Растове набралася сотня ўцекачоў, на самалёце МНС іх даставілі ў Бранск. Прапаноўвалі ехаць далей у Арлоўскую вобласьць. Але туды выправіўся толькі старэйшы сын Валянціны зь нявестай, а ўсе астатняя сям’я рушыла ў Гомель.
Валянціна ў Сьвярдлоўску за «сваіх» лічыць мясцовых так званых «апалчэнцаў». І абараняюць яны Луганшчыну, як яна кажа, ледзь не на голым энтузіязьме:
Яны на чыстым энтузіязьме нас абараняюць. У іх, апрача аўтаматаў, ну і гранатамётаў, нічога няма
«Вось кажуць, што тэрарысты з паветра абстралялі. Я вам шчырае слова даю, што ніякіх самалётаў у нашых хлопцаў няма. Яны на чыстым энтузіязьме нас абараняюць. У іх, апрача аўтаматаў, ну і гранатамётаў, нічога няма. Ну, захапілі СБУ — пачалося з гэтага. У нас, у Арцёмаўску, ёсьць шахта Валадарскага — там зброя ляжыць з часоў Першай і Другой сусьветных войнаў. Я там нарадзілася і пра гэта ведала. І ўсе ведалі. Калі Майдан пусьціўся ў скокі — хто ня скача, той маскаль, — мы рабілі. У мяне чатыры шахцёры. Мой сын двойчы езьдзіў на працу пад аўтаматамі і сказаў: „Мама, я больш так не магу“. Бой ідзе ў полі. Шахцёры выйшлі з шахты. Нашы стаяць і ад шахты страляюць, а ўкраінскія войскі страляюць у шахцёраў. І тыя суткі сядзелі галоднымі ў бамбасховішчы. І гэта праца?»
Суразмоўніца сьцьвярджае, што ў Сьвярдлоўску ў мясцовых жыхароў не было намеру аддзяляцца ад Украіны:
«Мы не хацелі, каб нас Расея забірала. Хацелі, каб у складзе Ўкраіны была фэдэрацыя. Проста хацелі, каб у нас рускую мову не забіралі, бо мы рускамоўнае насельніцтва. У нас няма ўкраінскай мовы. Мы вывучаем яе, але ў асноўным размаўляем так, як я цяпер. Нас прыніжаюць, што мы „каларадцы“, бо носім георгіеўскія стужачкі, што мы „ватнікі“».
Валянціна ўдзячная беларускай міграцыйнай службе й цэнтру часовага разьмяшчэньня ўцекачоў за прытулак і гасьціннасьць. Спадзяецца хутка знайсьці хоць якую працу — сабе, мужу, сыну, зяцю. І дужа жадае як найхутчэйшага міру Луганшчыне:
Я не хачу вайны. Я ні вайны, ні бойкі не заказвала. Мне 54 гады, і цяпер я павінна хадзіць і ў людзей хлеба прасіць. Гэта жахліва
«Я не хачу вайны. Я ні вайны, ні бойкі не заказвала. Мне 54 гады, і цяпер я павінна хадзіць і ў людзей хлеба прасіць. Гэта жахліва. У мяне ёсьць дом, ёсьць усё ў доме. Я толькі сыну купіла дом — хацела ажаніць яго. У мяне ў дачкі два домікі. У мяне ў другога сына кватэра пустуе. І мы ўсё пакінулі. Разумееце, я не бяздомная, ня бомж. (Па-ўкраінску). Гэта мая родная краіна, дзе я нарадзілася, дзе ў мяне нарадзіліся дзеці і ёсьць ужо ўнукі. Я хачу, каб яны клаліся спаць і каб іх не палохалі выбухі. Трэба неяк сесьці за стол перамоваў і пагутарыць — з аднаго боку і з другога. Не дзяліць: шчыры ўкраінец і „каларады“, “ ватнікі“. Толькі мір, каб быў мір!»
У Сяргея, уцекача зь невялікага гарадка Ўкраінск, што на Данеччыне, беларускія карані ад маці і бацькі. Ён эканаміст-мэнэджэр, прыехаў у Гомель адзін, бо сям’і яшчэ ня мае. Ягоны погляд на падзеі ў Данецкай і Луганскай абласьцях цалкам адрозьніваецца ад таго, які выказвае Валянціна.
Сяргей, у прыватнасьці, лічыць, што ў сэпаратысцкі рух на паўднёвым усходзе Ўкраіны ўцягнута багата абывацеляў, якія лічаць цэнтральную кіеўскую ўладу нелегітымнай. Самі ж актывісты й баевікі так званай «Данецкай народнай рэспублікі» — гэта спрэс маргіналы і карупцыянэры:
«Гэта маргіналы, гэта людзі, якія выйшлі зь месцаў пазбаўленьня волі. Гэта людзі, якія вядуць антысацыяльны лад жыцьця. Яны і ўступілі ў шэрагі ДНР. Ёсьць і такія, што пабралі крэдытаў у банках. Яны, як я разумею, ня хочуць вяртаць крэдыты. Плюс карумпаваныя працаўнікі розных ведамстваў і ўстановаў, супрацоўнікі міліцыі, якія парушылі прысягу. Ёсьць прадпрымальнікі, прадстаўнікі сярэдняга й дробнага бізнэсу, у якіх карупцыйныя сувязі з прадстаўнікамі ўлады. Усе разумеюць, што ва Ўкраіне разгортваецца барацьба з карупцыяй. І, баючыся адказнасьці, яны й сьцякаюцца пад крыло гэтай Данецка-Луганскай «народнай рэспублікі».
Дапамога людзям, якія зьвярнуліся з хадайніцтвам па статус уцекача і хадайніцтвы зарэгістраваныя, вельмі малая — адна базавая велічыня
Сам Сяргей кажа: зьехаў таму, што баі ўжо наблізіліся да мястэчка Карлаўкі, за паўтара дзясятка кілямэтраў ад Украінску. Празь беларускую ўправу міграцыі й грамадзянства зьвярнуўся ва ўрад Беларусі па статус уцекача:
«Карыстаючыся нагодаю, хачу, каб гэта прагучала. Вядома, нагрузка на беларускі бюджэт у зьвязку з прыёмам уцекачоў вялікая. Актуальнае цяпер пытаньне — адкрыцьцё рахунку для ахвяраваньняў і пералічэньня сродкаў, якія былі б выдадзеныя ўсім, хто тут пражывае. Хачу сказаць адначасова, што мы тут не галадаем, у нас забясьпечаныя тут санітарна-гігіенічныя ўмовы. Але дапамога людзям, якія зьвярнуліся з хадайніцтвам па статус уцекача і хадайніцтвы зарэгістраваныя, вельмі малая — адна базавая велічыня. Гэта не дазваляе несьці выдаткі, каб езьдзіць і сустракацца з працадаўцамі, наняць памяшканьне для жытла. Таму й хацелася б якой фінансавай дапамогі».