Поўная блякада Данецку і Луганску, а таксама іншыя захады прымусяць прарасейскіх баевікоў скласьці зброю. Пра гэта ў эфіры праграмы «Падрабязнасьці тыдня» на ўкраінскім тэлеканале «Інтэр» заявіў намесьнік сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Міхаіл Коваль.
Паводле яго слоў, усе дзеяньні ўкраінскіх сілавікоў адбываюцца паводле зацьверджанага прэзыдэнтам Парашэнкам стратэгічнага пляну.
«У пляне паказана, хто і як вызваляе горад — Нацгвардыя, Узброеныя сілы Ўкраіны, а ў памежных рэгіёнах — і Дзяржаўнай памежная служба. Усьлед за нашымі часткамі ідуць міліцыя і грамадзянскі пэрсанал, якія бяруць на сябе адказнасьць за вызваленыя рэгіёны», — адзначыў ён.
Украінскія сілавікі, якія ўдзельнічаюць у антытэрарыстычнай апэрацыі, у апошнія дні вызвалілі ад прарасейскіх баевікоў Славянск, Краматорск, Канстантынаўку, Арцёмаўск, Дружкоўку і некалькі іншых населеных пунктаў на ўсходзе краіны.
Прарасейскія баевікі далей кантралююць Данецк, Луганск, Горлаўку і некалькі меншых гарадоў. Антытэрарыстычная апэрацыя працягваецца.