Дасьледаваньне публічна даступнай інфармацыі паказвае, што краіны Заходняй Эўропы плацяць «Газпрому» менш, чым бяднейшыя за іх краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
Чаму ж Польшча і Чэхія плацяць за тысячу кубамэтраў газу больш за $500, тым часам як суседняя Нямеччына — менш за $400?
«Газпром вызначае цэны ў залежнасьці ад альтэрнатываў, якія маюць паасобныя краіны, — кажа Джэймс Гэндэрсан, экспэрт у галіне расейскай нафтагазавай прамысловасьці з Оксфардзкага інстытуту энэргетычных дасьледаваньняў. — Па сутнасьці, „Газпром“ выступае як дыскрымінацыйны манапаліст. Калі ён займае значны сэгмэнт рынку ў пэўнай краіне або бачыць, што гэтая краіна мае абмежаваныя альтэрнатывы, ён вызначае адпаведныя цэны».
Інфаграфіка: Эўропа ў абдымках Газпрама
Вось некаторыя высновы аналізу
* Некаторыя найбяднейшыя краіны Эўропы плацяць за расейскі газ найвышэйшую цану
Зь пяці найбяднейшых краінаў Эўропы толькі Малдова плаціць за расейскі газ ніжэй за сярэднюю цану. Македонія, пятая паводле беднасьці краіна Эўропы паводле падлікаў МВФ, плаціць больш за ўсе астатнія краіны ($564 за тысячу кубамэтраў). Босьнія-Герцэгавіна — дзе сярэдні заробак у пяць разоў меншы, чым у Нямеччыне — плаціць за тысячу кубамэтраў $515.
* Некаторыя з найбагацейшых краінаў Эўропы, якія плацяць менш за расейскі газ, бывалі абвінавачаныя ў занадта мяккай пазыцыі ў дачыненьні да Расеі
Пасьля расейскай анэксіі Крыму ў сакавіку сёлета і пачатку ваенных дзеяньняў на Ўсходзе Ўкраіны, дзе Расея абвінавачвалася ў падтрымцы ўзброеных сэпаратыстаў, Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз наклалі на Маскву адрасныя санкцыі.
Аднак Нямеччына, Аўстрыя і Францыя — кожная зь якіх плаціць за гас менш за $400 — былі абвінавачаныя ў супраціве ўзмацненьню санкцыяў.
Нямеччына, найбуйнейшы кліент «Газпрому», якая ў 2013 годзе купіла 40 мільярдаў кубамэтраў газу, зазнала ціск з боку нямецкіх прамысловых лідэраў з патрабаваньнем не дапусьціць больш жорсткіх санкцыяў. Францыя адмовілася адступіць ад шматмільярднай зьдзелкі па продажы Расеі баявых караблёў, а Аўстрыя, якая плаціць $397 за тысячу кубамэтраў газу, падпісала ў чэрвені пагадненьне аб пабудове аўстрыйскага адцінку расейскага газаправоду ў абыход Украіны.
Аднак менш чым за тыдзень да таго, як Вена і Масква пагадзіліся наконт умоваў зьдзелкі, Эўрапейскаму Зьвязу ўдалося націснуць на Баўгарыю, і тая адклала падпісаньне аналягічнага пагадненьня з Расеяй наконт таго самага «Паўднёвага патоку».
* Крэмль выкарыстоўвае танны газ у якасьці галоўнай прынады для далучэньня да Мытнага Саюзу
Прыблізна ў тым самым часе, калі былы ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч адмовіўся ў лістападзе ад падпісаньня дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ, расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін паспрабаваў схіліць Кіеў да далучэньня да Мытнага Саюзу, куды цяпер уваходзяць Расея, Беларусь і Казахстан.
У дадатак да палягчэньня ў сплаце 15-мільярднага доўгу ён запрапанаваў рэзкае скарачэньне сумы, якую Ўкраіна мелася плаціць за імпарт газу. Калі б газ сапраўды быў рэальным фактарам у рашэньні Ўкраіны наконт далучэньня да Мытнага Саюзу, можна было б проста паглядзець на Беларусь, якая плаціць за газ найменш — $166 за тысячу кубамэтраў. Арменія, якая летась раптоўна абвясьціла пра намер далучыцца да Мытнага Зьвязу, паводле таннасьці газавага імпарту ідзе адразу за Беларусьсю — $189 за тысячу кубамэтраў. Абедзьве гэтыя краіны атрымліваюць увесь спажываны прыродны газ з Расеі.
* Іншыя постсавецкія краіны атрымліваюць амаль увесь патрэбны ім газ з Расеі — і дорага за гэта плацяць
Некаторыя краіны, якія залежаць ад расейскіх паставак газу, займаюць востра крытычную пазыцыю ў дачыненьні да Масквы. Тры балтыйскія краіны — Літва, Латвія і Эстонія — якія моцна падтрымалі Ўкраіну ў цяперашнім крызісе, атрымліваюць 100 працэнтаў патрэбнага ім прыроднага газу з Расеі. Украіна забясьпечвае расейскім газам 72 працэнты сваіх патрэбаў. Ніводная з гэтых краінаў ня плаціць менш за $416 за тысячу кубамэтраў газу.
* Аднак калі гаворка ня йдзе пра далучэньне да Мытнага Зьвязу, палітычныя сымпатыі да Расеі, як выглядае, ня маюць вялікага ўплыву на цану газу
Сэрбія — найбольшы пасьля Беларусі саюзьнік Расеі ў Эўропе, але з цаной $457 за тысячу кубамэтраў газу яна займае адно з найвышэйшых месцаў у сьпісе тых, хто плаціць за газ найдаражэй. Італія, якая зблізілася з Расеяй за часы ўрадаваньня прэм’ера Сыльвіё Бэрлюсконі, плаціць $440 за тысячу кубамэтраў.
«Прычыны тут пераважна эканамічныя, — кажа Гэндэрсан. — Перамовы могуць мець пэўную палітычную падкладку, часам сам момант вядзеньня дыскусіяў і перамоваў можа дадаваць нейкі палітычны падтэкст. Але з таго, што я бачу, можна сказаць, што Расея вызначае цэны на газ у залежнасьці ад сваіх магчымасьцяў прадаць газ чым даражэй».