Яанна прадставіла чэскай і міжнароднай тэатральнай публіцы, якая сабралася ў тэатры «Divadlo na zabrádli», монадраму «Ja j u poli verboju rosła», падрыхтаваную ёю на гаворцы падляскіх беларусаў на падставе апавяданьня ўкраінскай пісьменьніцы Аксаны Забужкі «Казка пра калінавую жалейку». Пераклад апавяданьня на падляскую гаворку зрабіў наш рэдакцыйны калега Ян Максімюк.
60-хвілінны спэктакль, які зьяўляецца своеасаблівым пераўвасабленьнем у падляскіх рэаліях біблейскага міту пра Каіна і Авэля, публіка прыняла гарачымі і працяглымі воплескамі. Тыя з гледачоў, хто не разумеў падляскай гаворкі, маглі пакарыстацца ангельскамоўнымі тытрамі перакладу спэктаклю, якія высьветліваліся над сцэнай.
Пасьля спэктаклю Яанна Стэльмашук-Троц і Ян Максімюк распавялі міжнароднай публіцы пра свае супольныя намаганьні разьвіваць прафэсійны беларускі тэатар у Польшчы на падляскай мове. Акрамя спэктаклю «Ja j u poli verboju rosła», прэм’ера якога адбылася ў ліпені 2011 году, Яанна разам зь сяброўкай з Тэатральнай акадэміі ў Беластоку Юліяннай Дораш падрыхтавала другую пастаноўку па-падляску на падставе п’есы Фэдэрыка Гарсіі Лоркі «Ерма», перакладзенай таксама Янам Максімюком.
На фэстываль «Apostrof», які сёлета быў арганізаваны тэатрам «Divadlo na zabrádli» ўжо 16-ты раз, былі запрошаныя, акрамя падляскага тэатру «Czrevo» Яанны Стэльмашук-Троц, тэатры з Бразыліі, Італіі, Нарвэгіі, Вугоршчыны і Бэльгіі.
«Divadlo na zabrádli», заснаванае ў 1958 годзе, у агульнай ацэнцы тэатральных крытыкаў і гледачоў належыць да авангардных і найбольш арыгінальных зьяваў у нацыянальнай культуры Чэхіі. Фэстываль «Apostrof», арганізаваны гэтым тэатрам, пакліканы выяўляць якраз авангарднае, нестандартнае і арыгінальнае ў сусьветным тэатральным мастацтве.