ПАДЗЕІ ДНЯ
Камітэт салідарнасьці з Украінай мяркуе правесьці ў Менску акцыю, у рамках якой удзельнікі зьбяруцца каля будынка Галоўнай пошты, дзе адправяць паштоўкі супраць удзелу расейскіх вайскоўцаў у парадзе да Дня Незалежнасьці ў амбасаду Расеі ў Беларусі і ў Мінабароны. Пачатак а 19.00. А 20.00 у Чырвоным касьцёле адбудзецца малітва за Ўкраіну, дзе ўдзельнікі акцыі запішуць відэазварот у падтрымку братняга ўкраінскага народу.
У Беларускім доме правоў чалавека ў Вільні адбудзецца прэс-канфэрэнцыя былога палітвязьня, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. Пачатак а 12.30.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1707 — захоп Быхава, наймацнейшай фартэцы ВКЛ, маскоўскім войскам у часе Паўночнай вайны.
1941 — у Віцебску НКВД распачаў масавыя расстрэлы палітычных вязьняў.
1944 — у Менску пачаўся Другі Ўсебеларускі кангрэс, скліканы Беларускай цэнтральнай радай. Прысутнічалі 1039 дэлегатаў, якія прадстаўлялі розныя раёны Беларусі і беларускія згуртаваньні за мяжой. Са справаздачамі і рэфэратамі на кангрэсе выступілі Радаслаў Астроўскі, Мікалай Шкялёнак, Аўген Калубовіч. Рэзалюцыя кангрэсу мела антырасейскую і антыбальшавіцкую скіраванасьць. Апэлюючы да пастановы Рады БНР, якая была выказаная 25 сакавіка 1918 Трэцяй Устаноўчай граматай, кангрэс адмаўляў БССР як форму беларускай дзяржаўнасьці, абвяшчаў БЦР адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу. У сувязі з набліжэньнем савецкіх войскаў кангрэс праходзіў у сьпешцы. Яго значэньне было важным у асноўным толькі для БЦР. Празь некалькі дзён Рада разам зь іншымі грамадзкімі ўстановамі эвакуявалася.
1989 — устаноўчы зьезд Таварыства беларускай мовы прыняў зварот да ўсіх прыхільнікаў беларускага слова.
2007 — Рада горада Гайнаўка (Польшча) прыняла закон аб выкарыстаньні беларускай мовы як дапаможнай у мясцовай адміністрацыі.
У гэты дзень нарадзіліся:
1784 — Лявон Бароўскі, літаратуразнаўца, пэдагог і публіцыст, адзін зь вядомых прафэсараў Віленскага ўнівэрсытэту 1820-х, калі Адам Міцкевіч і ягоныя аднагодкі атрымлівалі ў Вільні адукацыю. Бароўскі лічыцца адным з заснавальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры.
1925 — Лідзія Арабей, беларускі празаік, крытык, літаратуразнаўца.
1934 — Віктар Карамазаў, беларускі пісьменьнік.
1961 — Анатоль Лябедзька, палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.