Пра гэта сёньня заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, адказваючы на пытаньне пра ўвядзеньне інстытуту спэцымпартэраў:
«Прэсавая служба Міністэрства прамысловасьці Беларусі яшчэ на мінулым тыдні афіцыйна паведаміла, што ўвядзеньне ў цяперашні час інстытуту спэцымпартэраў, у тым ліку і бытавой тэхнікі, беларускім бокам не прадугледжваецца.
Магу толькі пацьвердзіць, што Рэспубліка Беларусь мае намер ажыцьцяўляць крокі па абароне свайго ўнутранага рынку, грунтуючыся на сваіх міжнародных абавязаньнях, уключаючы абавязаньні ў рамках Мытнага саюзу».
Падобна, што беларускія ўлады даюць задні ход. Бо задумка ўвесьці абмежаваньні на імпарт бытавой тэхнікі ў чыноўнікаў усё ж была. Інфармацыя пра гэта пратачылася ў мэдыі на мінулым тыдні. Так, напрыклад, стала вядома, што ўлады прапаноўвалі такія захады, як замацаваньне права на імпарт выключна за дзяржавай альбо ўвядзеньне інстытуту ліцэнзаваньня імпарту. Сутнасьць гэтага манэўру ў тым, што тады толькі дзяржава мела б права ўвозіць у Беларусь тавары, аналягі якіх вырабляюцца ў самой Беларусі. Называліся і тэрміны гэтай гандлёвай апэрацыі — ад 1 ліпеня на паўгода. А дакумэнт распрацоўвалі ў Міністэрстве прамысловасьці.
Гэтыя пляны дайшлі і да Масквы. Як піша газэта «Коммерсантъ», пад пагрозай праблемаў на рынку з аб’ёмам больш за 600 мільёнаў даляраў на год расейцы зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі і Эўразійскай эканамічнай камісіі з просьбай адмовіцца ад гэтых плянаў. Так, старшыню Эўразійскай камісіі Віктара Хрысьценку папрасілі «ўжыць свой уплыў».
Пасьля гэтага ў Менску і зьявіліся паведамленьні пра тое, што «працу па падрыхтоўцы гэтага нарматыўнага дакумэнту трэба лічыць немэтазгоднай».
Экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Балточка ў размове са Свабодай адзначае:
Я нават дапускаю, што гэтая тэма яшчэ не закрытая — у тым сэнсе, што нехта за такую ініцыятыву будзе пакараны
«Мне падаецца, што „Коммерсантъ“ надрукаваў запозьненую інфармацыю пра інстытут спэцымпартэраў. Пра гэта гаворка ішла на мінулым тыдні. А ў панядзелак у Менску мы ўжо ведалі, што ніякага пашырэньня інстытуту спэцымпартэраў ня будзе, улады далі задні ход. Таму цяпер расейскаму боку ўжо ня трэба баяцца, што некаторыя бытавыя тавары падпадуць пад абмежаваньне.
Я пагаджаюся з тым, што беларускі бок будзе абараняць свой унутраны рынак у адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі і нормамі Эўразійскага эканамічнага саюзу. Адпаведны інструмэнтарый існуе. І ён дазваляе ў нейкай ступені гэта рабіць.
Татальнага перакрыцьця беларускага рынку ня будзе. Прынамсі цягам бліжэйшага часу. Рэакцыя грамадзкасьці, дзелавых колаў, нават некаторых колаў у дзяржаўным апараце на прапанову аб інстытуце спэцымпартэраў была дастаткова нэгатыўная. Я нават дапускаю, што гэтая тэма яшчэ не закрытая — у тым сэнсе, што нехта за такую ініцыятыву будзе пакараны».
Нягледзячы на пратэсты Расеі і Эўразійскай эканамічнай камісіі, у Беларусі працягвае дзейнічаць інстытут спэцымпартэраў алькаголю і прадуктаў перапрацоўкі рыбы. Прычым адмену гэтага інстытуту ў алькагольнай галіне беларускі бок увязвае з адменай экспартнага мыта на расейскую нафту.