27-гадовая жанчына была прысуджаная да ста ўдараў бізуном і павешаньня за адрачэньне ад ісламу і шлюб з хрысьціянінам.
Яна выйшла замуж у 2011 годзе. На момант вынясеньня прысуду Ібрагім была на апошнім месяцы цяжарнасьці. Сваё другое дзіця яна нарадзіла ўжо ў турме.
Нягледзячы на тое, што яна вырасла ў хрысьціянскай сям'і, улады лічаць яе мусульманкай.
Прысуд Мэрыям Ібрагім выклікаў шквал пратэстаў па ўсім сьвеце, з асуджэньнем «барбарскага пакараньня» і патрабаваньнем вызваліць жанчыну выступілі лідэры многіх краін.
Яе муж Дэніэл Вані сказаў у інтэрвію Бі-бі-сі, што ён зь нецярпеньнем чакае сустрэчы з жонкай, і дадаў, што хацеў бы зьехаць зь сям'ёй з Судану як мага хутчэй.
«Яны выпусьцілі яе... Яна на шляху дадому», – сказаў Бі-бі-сі Эльшарыф Алі, адвакат Мэрыям Ібрагім. Паводле яго, Ібрагім прадэманстравала «выключную мужнасьць» у турме.
«Гэта перамога свабоды веравызнаньня ў Судане. Мы лічым, што дзякуючы стойкасьці Мэрыям у будучыні ніхто ня будзе праходзіць праз такія выпрабаваньні», – лічыць адвакат.
Дэніэл Вані нарадзіўся на поўдні Судану. У 1998 годзе, у разгар грамадзянскай вайны ў краіне, ён зьехаў у ЗША. У часе візыту ў Судан ў 2011 годзе ён пазнаёміўся зь Мэрыям Ібрагім. Яны бралі шлюб у галоўным саборы Хартума.
«Уладам Судану было цяжка ігнараваць пратэст, выкліканы справай Мэрыям Ібрагім, – кажа Джэймс Копнэл, былы карэспандэнт Бі-бі-сі ў Судане. – Ва ўраду і так праблемы з-за эканамічнага крызісу, канфліктаў у Дарфуры, штатах Паўднёвы Кардафан і Блакітны Ніл. Кіраўніцтву краіны ўзмацненьне непрыязнасьці проста не патрэбнае. Варта адзначыць, што сярод самых зацятых праціўнікаў прысуду былі менавіта суданцы, а не замежнікі».