Пра гэта ён распавёў карэспандэнту Свабоды.
«Учора я быў у міліцыі Першамайскага раёну, дзе я мусіў стаць на ўлік пасьля прыезду з калёніі. І пры пастаноўцы на ўлік мне сказалі, што я станаўлюся на прафіляктычны так званы ўлік, пры якім прапісаныя прафіляктычныя мерапрыемствы адносна мяне. Гэта значыць, што раз на месяц я мушу адзначацца ў міліцыі. І, хутчэй за ўсё, за гэтымі адзначэньнямі будзе назіраць участковы. І ў мяне не павінна быць больш за тры адміністрацыйныя правапарушэньні цягам году, інакш прафіляктычны ўлік будзе ўзмоцнены. Ёсьць магчымасьць выезду за мяжу, я не абмежаваны ў паездках па Беларусі. Вось такія ўмовы гэтага ўліку.То бок такая лагодная форма, няма нагляду. Гэта звычайная стандартная мера для тых, хто выходзіць».
Карэспандэнт: «Калі можа адбыцца паездка за мяжу? Вы ж віцэ-старшыня Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека».
Бяляцкі: «Па магчымасьці, як толькі ўзьнікне неабходнасьць, тады і буду прымаць нейкія рашэньні».
Паводле Бяляцкага, у падпісанай ім паперы не пазначана, які час будзе працягвацца прафіляктычны ўлік.
Бяляцкі: «Я ня ведаю. Мабыць, мне павінен сказаць гэта мой участковы. Можа, цягам году, а можа, болей. Справа ў тым, што паводле заканадаўства павінны быць гэтыя меры назіраньня, нагляду, уліку людзей, якія выходзяць зь месцаў пазбаўленьня волі. Яны прыменены да мяне стандартна, так, як і да іншых».
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе 2011 году. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча. Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічылі Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабавалі ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу. У 2012 і 2013 гадах Алесь Бяляцкі быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру.