ПАДЗЕІ ДНЯ
Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы (Менск, вул. Купалы, 4) запрашае сваіх наведнікаў адшукаць чароўную кветку папараці і сустрэць разам «Купальскую ноч у Купалавым доме»! У праграме сьвята: гульня-віктарына «У пошуках папараць-кветкі», купальскія абрадавыя песьні ў выкананьні этна-фольк гурту «Guda», майстар-кляса па пляценьні купальскіх вянкоў. Пачатак а 19 гадзіне.
Менскі клюб Doodah King (вул. Берсана 14), прэзэнтуе джазавую праграму ад гітарыста залатога складу «Песьняроў» Уладзімера Ткачэнкі і вакалісткі Людмілы Куц. Пачатак а 21 гадзіне
Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» пачынаюць чарговую акцыю «Талака-2014». Кожны аўторак з 17.00 да 20.00 запрашаюцца ўсе неабыякавыя людзі для ўдзелу ва ўборцы і акультурваньні ўрочышча.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ
1314 — у бітве пры Бэнакбэрне шатляндзкі кароль Роберт Брус разьбіў войска ангельскага караля Эдуарда II аднавіўшы незалежнасьць сваёй краіны, гэты дзень адзначаецца ў Шатляндыі, як дзень незалежнасьці.
1894 — на кангрэсе ў Парыжы, скліканым па ініцыятыве барона П’ера дэ Кубэртэна, прынятае рашэньне аб утварэньні Міжнароднага алімпійскага камітэту і правядзеньні раз у чатыры гады Алімпійскіх гульняў.
Галоўнае — не перамога, а ўдзел.
П’ер дэ Кубэртэн
1934 — сталіца Украіны перанесена з Харкава ў Кіеў.
1941 — войскі нацысцкай Нямеччыны занялі Горадню.
1945 — Парад Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве. Парад прымаў маршал Георгі Жукаў. Камандаваў парадам маршал Канстанцін Ракасоўскі.
1989 — у Вільне пачаўся I Устаноўчы зьезд Беларускага народнага фронту «Адраджэньне».
Нас яшчэ мала, дзясяткі тысячаў. Але мы ведаем, што ніхто больш на гэтай зямлі ня возьме на сябе адказнасьць за будучыню Бацькаўшчыны. І таму нас 10 мільёнаў. Мы — беларускі народ.
З публікацыі ў газэце «Навіны» пра ўстаноўчы зьезд Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне»
У гэты дзень нарадзіліся:
1772 — Казімер Дмахоўскі, рымска-каталіцкі дзяяч, магілёўскі арцыбіскуп
1777 — Ян Ходзька, пісьменьнік, публіцыст, грамадзкі дзяяч
1796 — Ян Чачот, беларускі і польскі паэт і фальклярыст. У 1818 г. стаў чальцом тайнага таварыства філяматаў. Пасьля выкрыцьця царскімі ўладамі віленскіх студэнцкіх згуртаваньняў у 1823 г. зьняволены ў Віленскую турму, потым сасланы на Ўрал. Толькі праз 10 гадоў паэту дазволілі вярнуцца на Беларусь. На паэтычным турніры ў 1818 годзе Чачот быў прызнаны трэцім паэтам пасьля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана.
1842 — Амбраз Бірс, амэрыканскі пісьменьнік
Вайна — спосаб разьвязваньня зубамі палітычнага вузла, які не паддаецца языку.
Амбраз Бірс
1900 — Кузьма Чорны, беларускі пісьменьнік.
Як сьвет стаіць, то яшчэ не было вядома, каб на нянавісьці вырасла шчасьце, а радасьць на чужой бядзе.
Кузьма Чорны
З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА
Найлепшае месца для пераправы. 24 чэрвеня 1812 Напалеон пераходзіць Нёман.