Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіянат сьвету па футболе: мінус Гішпанія, плюс Коста-Рыка, Расея — пад пытаньнем



На чэмпіянаце сьвету па футболе час вырашальных паядынкаў. Для большасьці з 32 каманд-удзельніц яшчэ адкрытыя ўсе шляхі — толькі пяць зборных ужо пакуюць валізкі дадому.

Паказальна, што сярод зборных, якія засталіся бяз шанцаў ужо пасьля другога туру групавога этапу, у квартэце В, апынуліся яшчэ дзейныя чэмпіёны сьвету гішпанцы. Спачатку іх разграмілі галяндцы (5:1), пасьля цалкам заслужана перайгралі чылійцы (2:0). Дзьве гэтыя паразы сымбалізуюць завяршэньне цэлай эпохі ў сусьветным футболе — шэсьць гадоў зборная Гішпаніі была заканадаўцай футбольнай моды, выйграла за гэты час два чэмпіянаты Эўропы і першынство сьвету. Цяперашняе пакаленьне гішпанскіх гульцоў ужо вяртаецца з футбольнага кірмашу.

І будучым супернікам «Чырвонай фурыі» ня варта моцна радавацца зьмене пакаленьняў у Гішпаніі — на велізарнай лаве запасных поўна славалюбівых дублёраў, якія ў іншых краінах ужо даўно гулялі б у аснове зборных. Таму на зьмену «залатому» пакаленьню Касільяса і кампаніі абавязкова прыйдуць ня менш амбіцыйныя гульцы.

Коста-Рыка завочна адолела ангельцаў


Сярод іншых няўдачнікаў — родапачынальнікі футбола, якія на кожны мундыяль едуць ледзь ня ў ролі фаварытаў, але нязьменна вяртаюцца ні з чым. Так здарылася і цяпер — дзьве паразы з аднолькавым лікам 1:2 ад італьянцаў і ўругвайцаў пакінулі ангельцаў за межамі плэй-оф.

Затое ў квартэце D усіх пабілі костарыканцы. Каманда з Цэнтральнай Амэрыкі спачатку перайграла ўругвайцаў (3:1), а затым даказала невыпадковасьць першага посьпеху, захаваўшы перамогу ў супрацьстаяньні з італьянцамі (1:0). Цяпер матч трэцяга тура Ўругвай — Італія ператвараецца ў міні-фінал, гэты паядынак павінен даць адказ на пытаньне, хто з былых чэмпіёнаў сьвету апынецца лішнім на цяперашнім мундыялі.
Італія—Коста-Рыка. Брамнік зборнай Італіі Буфон
Італія—Коста-Рыка. Брамнік зборнай Італіі Буфон



У плэй-оф — дзесяць вакансій


Між тым, шэсьць каманд ужо пасьля другога тура маюць пропуск у лік 16 лепшых. З групы B гэта Нідэрлянды і Чылі, з групы С — Калюмбія, з групы D — ужо згаданая сэнсацыйная Коста-Рыка, з групы F — Аргентына, з групы Н — Бэльгія, якая ўчора перайграла расейцаў.

Цікавая сытуацыя цяпер у групе G, дзе пасьля нічыйнага ліку (2:2) у супрацьстаяньні ЗША — Партугалія ў амэрыканцаў і немцаў па чатыры ачкі, а ў каманды Партугаліі і Ганы — па адным. У апошнім туры зборныя ЗША і Нямеччыны гуляюць паміж сабой, і нічыя выводзіць у наступны раўнд абодвух супернікаў.

Звычайна нічыі ў такіх сустрэчах выходзяць як бы самі па сабе — футбалісты разумеюць цану памылкі, таму дзейнічаюць занадта асьцярожна. Зь іншага боку, усё ж ёсьць розьніца ў клясе паміж камандамі Нямеччыны і ЗША — першую зь іх спэцыялісты адносяць да ліку прэтэндэнтаў на чэмпіёнства. Але гішпанцаў таксама называлі фаварытамі...
Партугалія — ЗША
Партугалія — ЗША


У групе Н, дзе ў нядзелю бэльгійцы перайгралі расейцаў (1:0), а альжырцы былі мацнейшыя за карэйцаў (4:2), на другое месца прэтэндуюць адразу тры каманды — у расейцаў і карэйцаў па адным ачку, у альжырцаў — тры. У апошнім туры расейцаў задаволіць толькі перамога над альжырцамі, якія апынуліся непераадольнымі для карэйцаў. Адначасова і зборная Карэі мае шанцы, калі перагуляе бэльгійцаў, якія ў любым выпадку застануцца першымі.
Расея — Бэльгія
Расея — Бэльгія


Між тым, у панядзелак завяршаюцца групавыя турніры ў квартэтах А і В. Калі ў групе В ужо ўсё зразумела — Нідэрлянды і Чылі ў плэй-оф, аўстралійцы і гішпанцы па-за турнірам, то ў групе А ўсё магчыма для трох камандаў.

Бразыльцам (у іх чатыры ачкі) нічыёй у паядынку з аўтсайдэрам Камэрунам хопіць для выхаду ў наступны раўнд, а перамога прынясе першае месца. Затое сустрэча Мэксіка — Харватыя ператвараецца ў сапраўдную бітву — далей пройдзе толькі адзін удзельнік гэтага матчу. Харватам (у іх тры ачкі) трэба перамагаць, мэксіканцаў (чатыры ачкі) можа задаволіць і нічыя.

Далей на чэмпіянаце сьвету ў Бразыліі будзе толькі цікавей — у аўторак завершаць групавы турнір у квартэтах С і D, у сераду — E і F, у чацьвер фінішуюць дзьве апошнія групы. Пасьля гэтага стартуюць матчы на выбываньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG