Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Украінай на пастаўку цукерак заключана толькі адно пагадненьне



З 1 чэрвеня пастановай Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь уведзена ліцэнзаваньне імпарту кандытарскіх вырабаў — цукерак, печыва, шакаляду, а таксама макаронных вырабаў, якія ўвозяцца з-за межаў Мытнага саюзу. Цяпер увозіць у краіну любыя слодычы, акрамя расейскіх і казахстанскіх, можна паводле разавай ліцэнзіі. Каб яе атрымаць, патрэбны час, і ў гандлі ўжо пачынаюцца перабоі, да прыкладу, з украінскім півам і цукеркамі.

У крамах сеткі «Эўраопт» украінскія цукеркі пакуль ёсьць. Але асартымэнт бяднейшы, чым пару месяцаў таму. Заўважна менш стала элітнага шакаляду і шакалядных цукерак так званага прэміюм-сэгмэнту. Карамэль, жэлейныя цукеркі кшталту "Шалёнай пчолкі","Кароўкі" і «Сьліўкі-ляніўкі», на паліцах ёсьць. Украінскія ласункі беларусы купляюць ахвотна, часьцяком яны значна таньнейшыя за беларускія.

Карэспандэнтка: «Бачу, што вы купляеце ўкраінскія цукеркі. Чаму? Яны смачнейшыя за беларускія?»

— Гледзячы якія. У асноўным — так, вельмі смачныя.

Карэспандэнтка: «Ну, „Шакалапкі“ дакладней смачнейшыя, бо вы шмат купляеце... »

—Так, дакладна.

Карэспандэнтка: «А чулі, што зараз уводзяцца ліцэнзіі на пастаўку кандытарскіх вырабаў, патрабуюць узьняць цэны на ўкраінскія цукеркі, бо тыя таньнейшыя за беларускія?»

— Так, чула. Ну што ж рабіць, калі ўздымуць. Мне ўсё адно больш падабаюцца ўкраінскія, чым нашы, і карамэлькі, і шакалядныя.

Карэспандэнтка: «І па цэнах, вось я параўноўваю, украінскія таньнейшыя за беларускія?»

— Так. І на смак мне больш даспадобы ўкраінскія.

— Украінскія цукеркі вельмі смачныя, яны зь цікавымі начынкамі — арэшкамі, лікёрам, памадкай, сапраўды смачныя.

— Я ня чуў, што могуць быць праблемы. Але звычайна купляю ўкраінскія, бо яны смачнейшыя.

— Я купляю ўкраінскія таму, што падтрымліваю Ўкраіну.

Карэспандэнтка: «А яны смачныя?»

— Так, смачныя.


Але ўкраінскія вытворцы ўжо б’юць трывогу. «Рашэньне Савету міністраў Беларусі аб увядзеньні ліцэнзаваньня імпарту кандытарскіх вырабаў прывяло да поўнага спыненьня ўвозу ўкраінскіх ласункаў у Беларусь». Такую заяву зрабіў кіраўнік асацыяцыі «Укркандпрам» Аляксандар Балдзінюк, як паведамляецца ў артыкуле «Беларусь заблякавала імпарт украінскіх кандытарскіх вырабаў» на сайце ўкраінскага інфармацыйнага агенцтва ЛІГАБізнесІнформ. Спадар Балдзінюк дадае: «Беларускія чыноўнікі ў якасьці ўмовы атрыманьня імпартных ліцэнзіяў патрабуюць ад вытворцаў значнага завышэньня цэнаў на ўкраінскія ласункі — у дыяпазоне ад 30 да 500% ад цэнаў вытворцы».

Намесьнік начальніка ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці канцэрну «Белдзяржхарчпрам», які непасрэдна займаецца выдачай ліцэнзіяў, адказваць на пытаньні Радыё Свабода адмовіўся. Сказаў, што ўсе пытаньні — да прэсавай службы. Кіраўніца прэсавай службы Алена Кравец не пацьвердзіла, але і не абвергла гэтыя лічбы. Што да цэнаў — гэта камэрцыйная інфармацыя, падкрэсьліла яна:

«На дадзены момант пагадненьні падпісаныя з пастаўшчыкамі Нямеччыны, Італіі, Аўстрыі, Польшчы, Славакіі, Літвы, і адна — з Украінай. Усё астатняе — якія там цэны — гэта мы лічым камэрцыйнай інфармацыяй, і распавядаць пра гэта мы ня будзем. Але калі пагадненьне падпісанае, то, значыць, цэны задавальняюць вытворцаў».

Карэспандэнтка: «Вось вы сказалі, што з Украінай падпісана толькі адно пагадненьне...»

«Гэта пакуль, на ўчорашні дзень яшчэ нічога падпісана не было. Гэта немалы аб’ём працы, які зваліўся на нас, таму што ня мы рыхтавалі гэтую пастанову. Праца вядзецца штодзень. У нас ёсьць людзі, якія толькі гэтым і займаюцца».

Беларусь — чацьвёрты з найбуйнейшых замежных рынкаў збыту ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў. Паводле інфармацыі Міністэрства даходаў і збораў Украіны, у 2013 годзе экспарт кандытарскіх вырабаў з Украіны ў Беларусь склаў 24,4 тысячы тон на суму 70 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG